Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/378

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Бружон, пра якога пара даць чытачу поўнае ўяўленне, пры ўсёй сваёй знадворной кволасці і глыбока разлічанай вяласці, быў малы лоўкі, тонкі плут, з ласкаючымі вачыма і жорсткай усмешкай. Яго позірк быў вынікам яго волі, а ўсмешка — вынікам яго натуры. Першыя яго спробы ў вывучэнні зладзейскага майстэрства рабіліся над дахамі дамоў: ён вельмі дапамагаў развіццю прагрэса той галіны прамысловасці, якая заключаецца ў зрыванні цынкавых лістоў з дахаў і адвінчванні свінцовых вадасточных труб. Цяперашні момант здаваўся вельмі спрыяючым для спробы ўцёкаў, таму што ў гэты час майстры дахаў працавалі над аднаўленнем часткі аспідных дахаў турмы. Дзякуючы гэтаму двор Сен-Бернара ўжо не быў зусім ізаляваны ад двароў Карла Вялікага і Сен-Луі, таму што рабочыя між гэтых двароў змайстравалі рыштаванні і лесніцы, гэта значыць масты і прыступкі, якія маглі вывесці на волю.

Новы будынак, да нельга стары і патрэсканы, быў слабым пунктам турмы. Сцены гэтага будынка былі так з’едзены селітрай, што аказалася неабходным абшаляваць усе скляпенні дартуараў, таму што з іх сыпалася каменне на зняволеных у час сну апошніх. Не гледзячы на старасць Новага будынка, у яго, па дзіўнай памылцы адміністрацыі турмы, садзілі якраз самых небяспечных падсудных за „асабліва важныя справы“, як гавораць на турэмнай мове.

Новы будынак заключаў у сабе чатыры спальні і мезанін, які насіў назву Бель-Эр. Шырокі комін, які відавочна захаваўся з часоў герцага Ла-Форс, праходзіў знізу ўверх праз усе чатыры ярусы і, разрэзаўшы надвая ўсе спальні, накшталт сплюшчанага слупа, выходзіў на дах.

Гельмер і Бружон знаходзіліся ў адным дартуары. Дзеля перасцярогі іх змясцілі ў ніжнім ярусе. Дзякуючы выпадковасці ўзгалоўі іх ложкаў упіраліся ў комін. Тэнард’е змяшчаўся якраз над іх галовамі, у Бель-Эры.

Прахожы, які спыніцца на вуліцы Кюльтэр-Сен-Катрын, каля казармы пажарных, перад варотамі лазняў, можа бачыць вялікі двор, напоўнены кветкамі і раслінамі ў скрынках. У глыбіні двара змешчана невялікая белая каменная ратонда, ажыўленая зялёнымі акяніцамі і падоўжаная па баках флігелямі. Не больш як дзесяць год таму назад над гэтай ратондай узвышалася голая, чорная, агідная сцяна, да якой будыначак прылягаў сваім заднім бокам. Гэта была сцяна турмы, па якой хадзіў дазор.

Але якая ні была высокая гэтая сцяна, над ёю яшчэ вышэй падымаўся дах. Гэта быў дах Новага будынка. У ім былі відаць чатыры слухавыя акенцы з жалезнымі кратамі.