Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/377

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гаўрош не патрабаваў іншых тлумачэнняў.

— Іду, — сказаў ён.

Яны накіраваліся да вуліцы Сент-Антуан, з якой з’явіўся Манпарнас, і жвава залавіравалі паміж павозак гароднікаў, якія ў сваю чаргу спяшаліся раней папасці на рынак.

Агароднікі, якія ляжалі на сваіх павозках пасярод рознай гародніны і былі добра захутаны з галавы да ног ад праліўнога дажджу ў плашчы, нават не зірнулі на гэтых дзіўных прахожых.


ХХVІІ

УЦЁКІ

Вось што адбывалася ў гэтую самую ноч у турме Ла-Форс[1].

Тэнард’е і яго таварышы: Бабэ, Бружон, Гельмер умовіліся ўцякаць, не гледзячы на тое, што Тэнард’е знаходзіўся ў адзіночным заключэнні. Бабэ паспеў схавацца ўдзень, як мы ўжо бачылі з слоў Манпарнаса ў гутарцы з Гаўрошам. Манпарнас павінен быў дапамагчы ўцёкам астатніх.

Бружон скарыстаў сваё месячнае прабыванне ў карцэры для таго, каб, па-першае, звіць вяроўку, а, па-другое, дасканала абдумаць план уцёкаў. У былыя часы карцэры, у якіх караемы прадастаўляўся самому сабе, складаліся з чатырох каменных сцен, каменнай столі, пакрытай каменнымі плітамі падлогі, загароджанага кратамі акенца і дзвярэй, абітых жалезам. Усё абсталяванне гэтых памяшканняў складалася з паходнага ложка, і яны называліся турэмнымі келлямі. Цяпер-жа, калі знайшлі, што такія карцэры не адпавядаюць ідэі гуманнасці, гэтыя памяшканні складаюцца з жалезных дзвярэй, акенца з краямі, каменнай падлогі, каменнай столі і чатырох каменных сцен; яны забяспечаны паходным ложкам і называюцца камерамі для караемых. Каля паўдня туды паказваецца святло. Нязручнасць гэтых камер заключаецца ў тым, што зняволеныя ў іх прадастаўлены сваім думкам, замест таго, каб быць занятым працаю.

Бружон, як мы ўжо казалі, вынес з свайго заключэння вяроўку і шмат думак. Лічачы яго надта небяспечным для памяшкання на дварэ Карла Вялікага, яго пасадзілі ў Новым будынку. Першае, што знайшоў Бружон у Новым будынку, быў Гельмер, другое — цвік. Гельмер прадстаўляў сабою злачынства, цвік — волю.

  1. Ла-Форс— адна з парыжскіх турмаў для крымінальных злачынцаў.