Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/374

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сіл прыроды ў чыста рацыяналістычным[1] гусце пачатку ХІХ стагоддзя, як бліснула такая маланка, што частка яе асляпляльнага водблеску пранікла праз не зусім добра закрытую шчыліну ў бруха слана, і пасля гэтага грымнуў аглушлівы ўдар грому. Маленькія госці Гаўроша ўскрыкнулі ад жаху і ўскочылі з такой жвавасцю, што ледзь не павалілі ўсё збудаванне над пасцеллю. Гаўрош павярнуў да іх свой смелы твар і змяшаў свой смех з раскатамі грому.

— Цішэй, хлопчыкі! — сказаў ён. — Гэтак вы ў мяне тут усё разбурыце... Вось дык добры ўдар! Гэта не тое, што дурніца-маланка, якой нават не чуваць... І ў тэатры Амбігю не лепш робяць навальніцу.

Ён паправіў ссунутую крыху драцяную сетку, ціхенька штурхануў хлопчыкаў на пасцель і, прымусіўшы іх зноў легчы, сказаў:

— Калі божанька запаліў свой ліхтарык, то я адважваюся пагасіць свой. Спіце, чалавечкі. Нядобра не спаць па начах. Ад гэтага з пашчы будзе смярдзець, або, як кажуць у вышэйшых колах, „з роту будзе нядобра пахнуць“. Захутвайцеся ў коўдру... Ну, захуталіся?

— Так, — прашаптаў старэйшы, — мне вельмі добра, нібы пад галавой пух.

Дзеці моцна прытуліліся адзін да аднаго. Гаўрош расправіў пад імі збітую цыноўку, яшчэ раз падаткнуў усюды папону і зноў загадаў ім дрыхнуць, потым загасіў кнот.

Толькі што ён паспеў сам добра ўлегчыся, як драцяны шацёр пачаў трэсціся пад дзеяннем чагосьці дзіўнага. Чулася глухое трэнне накшталт кіпцюроў і зубоў аб дрот, які ўтвараў прарэзлівыя металічныя гукі. Пры гэтым штосьці пішчэла на розныя галасы.

Малодшы хлопчык, пачуўшы каля сябе гэтую незразумелую сумятню і задрыжэўшы ад жаху, штурхнуў локцем старэйшага, які ўжо дрыхнуў па загаду Гаўроша.

Тады хлопчык, не памятаючы сябе ад жаху, адважыўся звярнуцца да Гаўроша палахлівым шэптам:

— Судар!

— Чаго табе? — адгукнуўся ўжо спрасонку Гаўрош.

— Што гэта такое?

— Пацукі, — спакойна адказаў Гаўрош, кладучы зручней галаву.

Сапраўды, гэта былі пацукі, якія кішмя кішэлі ў касцяку слана і з’яўляліся тымі самымі жывымі чорнымі плямамі,

  1. Рацыяналістычны — ад лацінскага слова ratio, што азначае рассудак, розум. Рацыяналістычны — значыць той, які вырашаецца пры дапамозе рассудка, а не шляхам пачуццяў.