Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/373

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ляў, Навэ, у Глас’еру, будзем там купацца і бегаць голыя па плытах перад Аўстэрліцкім мастом, каб падразніць прачак, якія гэтага цярпець не могуць. Пачнуць крычаць, пішчэць і біцца. Пацеха з імі! Потым пойдзем глядзець чалавека-шкілета. Ён жывы. Яго паказваюць на Елісейскіх палях. Худы, як вось гэтыя жэрдкі!.. Я зваджу вас і ў тэатр і на Фрэдэрыка Леметра. У мяне ёсць білеты. Я знаёмы з акторамі, аднойчы нават сам прымаў удзел у адной камедыі. Нас было некалькі хлопчыкаў, і мы бегалі пад парусінай, якая была нібыта мора. Я прымушу і вас прыняць у тэатр. Вы будзеце таксама акторамі... Паглядзім і дзікуноў. З рэшты, гэтыя дзікуны адно толькі ашуканства. На іх нацягнуць ружовае трыко, якое месцамі моршчыцца, а на локцях зацыравана белымі ніткамі. Пасля гэтага сходзім у оперу. Потым пойдзем глядзець, як караюць смерцю людзей. Я пакажу вам ката, пана Сансона. Ён жыве на вуліцы Марэ. У яго дзвярах прымайстравана скрынка для пісьмаў... Ах, як мы будзем весяліцца! Цудоўна! Потым...

Але ў гэты момант кропля гарачай смалы ўпала на палец Гаўрошу і вярнула яго да сапраўднасці.

— Ах, чорт! Вось і кнот дагарае! — ускрыкнўў ён. — Трэба-ж мне было паліць яго столькі часу! Я не магу траціць на сваё асвятленне больш аднаго су ў месяц. Калі кладзешся, трэба тушыць агонь і спаць. Мы не з тых, якія могуць чытаць у пасцелі раманы пана Поль-дэ-Кока[1]. Апрача таго, святло можа быць бачным праз шчыліны нашых галоўных варот, і яго могуць заўважыць фараошкі.

— Ды і ў салому можа папасці іскра і спаліць увесь наш дом, — нясмела заўважыў старэйшы з гасцей Гаўроша, які адзін толькі і адважыўся гутарыць з ім.

— Ніякі дурань не гаворыць „спаліць дом“, — трэба казаць: „пусціць чырвонага пеўня“, — павучальна паправіў Гаўрош свайго суразмоўніка.

Потым, прыслухаўшыся да навальніцы, якая бушавала па дварэ, да раскатаў грому і да ліўня, які з шумам падаў на спіну слана, у сярэдзіне якога яны ляжалі, ён сказаў:

— Бач ты, як хвошча! Люблю слухаць, як злуецца дождж. Стары вадавоз зусім дарэмна траціць столькі тавару: мы не змокнем тут, ужо будзьце спакойны!.. Вось ён і злуецца. Ну, ды няхай сабе.

Толькі што Гаўрош паспеў выразіць сваю пагарду да

  1. Поль-дэ-Кок (1794–1871) — сын банкіра, гільятынаваны ў час рэволюцыі; надзвычайна пладавіты, але пасрэдны пісьменнік.