Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/372

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ах, як цёпла! Як добра! — мармытаў узрадаваны хлопчык.

Гаўрош самадавольна палюбаваўся на коўдру і сказаў:

— І гэта таксама з звярынца. Гэта я сцібрыў у малпаў.

Потым, паказаўшы на цыноўку, якая была вельмі тоўстая і вельмі добра зробленая, дадаў:

— А гэта я ўзяў у жырафы. — Пасля невялікай паузы ён казаў далей: — Гэта ўсё было ў звяроў. Я адабраў у іх. Яны за гэта не злаваліся. Я ім сказаў: „Гэта для слана“. — Ён зноў крыху памаўчаў і потым прабурчэў: — Лезеш сабе праз сцены і ведаць нікога не хочаш. Ды і чаго баяцца?

Дзеці са здзіўленнем і палахлівай павагай глядзелі на гэтую прадпрыймальную і вынаходлівую істоту, якая была такім-жа брадзягай, як і яны, такой-жа адзінокай і вартай жалю, але ў якой было штосьці асаблівае, штосьці магутнае, што здавалася ім звышнатуральным, і фізіяномія якой прадстаўляла сабою сумесь грымас старога фокусніка ў спалучэнні з самай прыемнай, самай наіўнай усмешкай.

— Судар, вы, значыць, не баіцеся гарадскіх сержантаў? — нясмела запытаў старэйшы хлопчык.

— Малыш, трэба казаць не сержанты, а фараоны, — павучальна заўважыў Гаўрош.

Малодшы ляжаў моўчкі, з шырока расплюшчанымі вачыма. Паколькі ён знаходзіўся на краі цыноўкі, тады як брат яго ляжаў пасярод, то Гаўрош загнуў вакол яго коўдру, як зрабіла-б маці, і прыстасаваў яму з старых ануч, падсунутых пад цыноўку, нешта накшталт падушкі.

— А ўсё-ж тут нядрэнна, га? — звярнуўся ён потым да старэйшага.

— О, так! — адказаў той, гледзячы на Гаўроша з выразам чалавека, выратаванага ад смерці.

Прамокшыя да касцей дзеці пачыналі сагравацца.

— А скажыце цяпер, з-за чаго вы раней так хныкалі? — казаў далей Гаўрош і, паказваючы на малодшага, дадаў: — Гэтаму карапузу яшчэ можна дараваць, што ён румзае, а такому велікану, як ты, вельмі сорамна. Ты тады робішся падобны да мокрай курыцы і да ідыёта.

— Дык нам-жа не было куды ісці і было вельмі страшна адным, — адказаў старэйшы.

Гаўрош што раз перапыняў яго, раячы замяняць шмат якія выразы словамі з зладзейскай мовы; хлопчык дзякаваў яго за навучанне і абяцаў запомніць.

— Цяпер вось што, — казаў далей Гаўрош тонам зусім дарослага і дзелавога чалавека: — прашу ў мяне ніколі больш не румзаць. Я буду берагчы вас. Убачыш, як мы будзем весела жыць. Улетку мы пойдзем з адным з маіх прыяце-