Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/371

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

а тут хоць не дзьме. На дварэ куча народу, а тут нікога, апрача нас. На дварэ нават месяца не відаць, а тут мая свечка! Што-ж вам яшчэ патрэбна?

Дзеці пачалі смялей азіраць сваё памяшканне, але Гаўрош не даў ім доўга займацца гэтым.

— Ідзіце туды, — сказаў ён ім, уштурхваючы іх у глыбіню свайго „пакоя“, дзе змяшчалася яго пасцель.

Пасцель Гаўроша была зусім „як належыць“ — з „матрацам“, “коўдрай“ і „альковым полагам“. За матрац служыла саломенная цыноўка, за коўдру — вялікая, амаль новая і вельмі цёплая, шэрая шарсцяная папона; алькоў-жа быў зроблены наступным чынам: тры даўгія жэрдкі — дзве спераду, адна ззаду — былі добра прымацаваны ўнізе брушной поласці слана, а верхавіны іх звязаны разам, так што атрымаўся пірамідальны шацёр. На гэты шацёр была накінута драцяная сець, лоўка прымацаваная да жэрдак. Сець гэтая складала частку клеткі, у якой змяшчаюцца ў звярынцах птушкі. Да „падлогі“ яна была прымацавана радам цяжкіх каменняў, пакладзеных на яе краях. Пад гэтым вось шатром, які вельмі нагадваў эскімоскі, і знаходзілася пасцель Гаўроша. Жэрдкі прадстаўлялі сабою „алькоў“, а сець — „полаг“.

Гаўрош рассунуў некалькі камянёў спераду, і „полаг“, шчыльва захінуты, расхінуўся.

— Ну, малышы, вось вам і пасцель. Кладзіцеся! — сказаў ён, дапамагаючы ім прабрацца пад шацёр.

Потым ён сам улез услед за імі і таксама шчыльна захінуў зноў „полаг“ і прымацаваў яго камянямі, але толькі ўжо з унутранага боку. Усе трое расцягнуліся на цыноўцы.

Як ні малыя былі хлопчыкі, але ніводны з іх не мог-бы стаяць у „алькове“, таму што ён быў надта нізкі.

Гаўрош увесь час трымаў у руцэ свайго „пацука“.

— Цяпер прашу дрыхнуць! — скамандаваў ён. — Я загашу кандэлябр.

— Судар, — запытаў старэйшы хлопчык, паказваючы на сетку, — а гэта што такое?

— Гэта ад пацукоў, — з важнасцю адказваў Гаўрош. — Дрыхніце-ж, кажу вам!

Аднак, праз секунду ён палічыў патрэбным пайсці насустрач няведанню малышоў і дадаў ім у навучанне:

— Усё, што вы тут бачыце, узята мною з заалагічнага сада ад звяроў. Там усяго гэтага шмат, цэлая кладоўка. Варта толькі пралезці праз сцяну, ускарабкацца ў акенца, прапаўзці пад дзверы, і бяры, што хочаш.

У час гэтага тлумачэння ён захутваў меншага хлопчыка канцом папоны.