Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/368

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сярэдзіну лесніцы, потым стаў сам ззаду за ім і крыкнуў старэйшаму:

— Гэй, ты, пузыр, прымай братку, а я буду падтрымліваць яго адсюль!

Не паспеў пяцігадовы карапуз апамятацца, як таксама апынуўся ўсярэдзіне слана. Падняўшыся ўслед за малышом, Гаўрош моцна штурхануў лесніцу, так што яна павалілася на зямлю, забраўся ў трэшчыну і, запляскаўшы ў ладкі, весела ўскрыкнуў:

— Вось мы і дабраліся!.. Няхай жыве генерал Лафайет![1]

Пасля гэтага выбуху весялосці ён дадаў:

— Ну, цыпачкі, цяпер вы ў мяне!

Сапраўды, Гаўрош быў тут у сябе дома.

О, нечаканая карысць бескарыснага, літасць вялікіх тварэнняў, дабрата іспалінаў! Гэты велічны помнік, які заключае ў сабе думку імператара, зрабіўся жыллём Гаўроша! Хлопчык быў прыняты і схаваны веліканам. Праходзячы па святах каля слана на плошчы Бастыліі, выфранчаныя буржуі акідвалі яго пагардлівым позіркам па-дурному вылупленых вачэй і бурчэлі: „Ну, куды гэта варта?“ А „гэта“ служыла для таго, каб выратаваць ад холаду, снегу, граду, дажджу, завірухі, схаваць ад зімняга ветру, засцерагчы ад сну сярод бруду, вынікам чаго бывае ліхарадка, збавіць ад сну сярод снегу, што вядзе да смерці, схаваць і абараніць ад усяго гэтую маленькую істоту без бацькі, без маці, без хлеба, без вопраткі, без прытулку. „Гэта“ служыла для таго, каб даць сховішча нявіннай істоце, адвержанай грамадствам. „Гэта“ служыла для таго, каб змякчыць віну грамадства. „Гэта“ была бярлога таго, для каго былі запёрты ўсе дзверы. Здавалася, стары, жалкі мастадонт[2], паедзены чарвямі і забыццём, пакрыты валдырамі, ранамі і цвіллю, расхістаны, паточаны, пакінуты, адвержаны, гэты ў некаторым родзе іспалінскі жабрак, які дарэмна маліў аб ласкавым позірку праходзіўшых па плошчы, сам пашкадаваў другога жабрака, беднага пігмея, які не меў над галавою даху і брадзіў па горадзе босы, саграваючы дыханнем акалелыя пальцы, абшарпаны, паядаючы тое, што выкідваецца вон, як нікому непатрэбнае. Вось для чаго служыў слон Бастыліі. Трэшчына, якою карыстаўся Гаўрош для таго, каб пралезці ў сярэдзіну слана, знаходзілася ў ніжняй частцы бруха іспалінскай фігуры; знадворку яе не было відаць пры беглым позірку і прытым яна была настолькі вузкая, што ў яе толькі каты ды дзеці маглі пралязаць.

  1. Лафайет — палітычны дзеяч, удзельнік рэволюцыі 1789 і 1830 гадоў.
  2. Мастадонт — выкапень продкаў сучаснага слана.