Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/366

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ценявага. Як толькі пачынаўся змрок, стары слон ператвараўся: ён рабіўся велічным і грозным сярод таямнічага змроку ночы. Належачы да мінулага, ён зрабіўся набыткам ночы, і цемра падыходзіла да яго велічы.

Гэты манумент, грубы, цяжкі, рэзкі, суровы, амаль уродлівы, але безумоўна велічны і прасякнуты нейкаю дзівоснаю, дзікаю паважнасцю, знік, саступіўшы месца чамусьці накшталт іспалінскай печы з комінам, які замяніў дзевяцівежавую крэпасць, як буржуазія замяніла феадалізм. Не дзіва, што печ з’явілася сімвалам эпохі, уся магутнасць якой заключалася ў катле. Гэтая эпоха пройдзе, яна ўжо праходзіць зараз, калі пачалі разумець, што калі і можа заключацца моц у катле, то магутнасць заключаецца толькі ў мазгах, — іншымі словамі, свет захопліваецца і кіруецца не лакаматывамі, а розумам. Прыстасоўвайце лакаматывы да думак, тады ўсё пойдзе добра, але не прымайце каня за конніка.

Таму, звяртаючыся да плошчы Бастыліі, скажам, што архітэктар, які стварыў слана з дапамогаю тынку, здолеў стварыць нешта вялікае, між тым як архітэктару печы з комінам і пры дапамозе бронзы ўдалося зрабіць толькі нікчэмную рэч.

Комін, ахрышчаны слаўнай і гучнай назвай „Ліпеньскай калоны“[1], гэты няўдалы помнік кепскай рэволюцыі, яшчэ ў 1832 годзе быў закрыты ад вачэй вялізным футлярам з дошак, аб знішчэнні якога мы з свайго боку шкадуем, і абшырным дашчатым плотам, які канчаткова ізаляваў слана. Вось у гэты кут плошчы, ледзь асветлены слабым водбліскам далёкага ліхтара, Гаўрош вёў падабраных ім хлопчыкаў.

Просім дазволу перапыніць наша апавяданне і напомніць чытачу, што мы прытрымліваемся строгай ісціны. Дваццаць год таму назад сапраўды быў прыцягнуты да папраўчага суда па абвінавачванню ў брадзяжніцтве і пашкоджанні публічнага помніка адзін хлопчык, якога знайшлі спячым у сярэдзіне слана плошчы Бастыліі. Паказаўшы на гэты факт, будзем весці далей наша апавяданне.

Дайшоўшы да каласальнай фігуры слана, Гаўрош зразумеў, якое ўражанне можа зрабіць бясконца-вялікае на бясконца-малое, і сказаў сваім спадарожнікам:

— Не пужайцеся, хлопчыкі!

Потым ён прабраўся праз адтуліну агарожы да слана і дапамог сваім маленькім спадарожнікам пралезці праз брэш. Крыху спалоханыя, дзеці моўчкі ішлі за Гаўрошам,

  1. Ліпеньская калона — парыжскі помнік у гонар рэволюцыі 1830 года.