Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/365

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

XXVI

СЛОН

Год дваццаць таму назад у паўднёва-заходнім куце плошчы Бастыліі, ля канала, пракапанага ў старым ірве гэтай крэпасці-турмы, красаваўся дзіўны манумент. Цяпер ён амаль зусім згладзіўся з памяці парыжан, хоць павінен быў астацца ў ёй назаўсёды. Мы гаворым „манумент“, хоць па сутнасці, гэта быў толькі накід. Але нават і гэты накід, і гэты цудоўны чарнавік, гэты велічны труп напалеонаўскай ідэі, якую растрапалі і разнеслі ў паветры два-тры паслядоўныя парывы ветру, зрабіўся гістарычным і набыў выгляд чагосьці закончанага, што супярэчыла яго характару простага накіда. Гэта быў слон сарака футаў вышынёю, збудаваны з каменняў і дошак, з вежай на спіне, падобнай да дома. Калісьці гэтая фігура была вымазана зялёнай фарбай нейкім маляром, але пасля зрабілася чорная ад дзеяння часу, дажджу і непагадзі. У адкрытым і пустынным канцы плошчы шырокі лоб слана, яго хобат, клыкі, вежа, іспалінская спіна і падобныя да калон ногі вырысоўваліся на ясным зорным начным небе фантастычна дзівоснымі сілуэтамі. Ніхто не ведаў, што, уласна, азначала гэтая фігура. Гэта магло быць сімвалам народнай сілы, змрочным, вялізным і загадкавым. Гэта была магутная здань, якая рэзка кідалася ў вочы побач з невідочнай зданню Бастыліі.

Нямногія іншаземцы наведвалі гэты помнік, а прахожыя ледзь ускідвалі на яго вочы. Ён пачаў разбурацца, кожны год з яго бакоў адвальваліся вялізныя пласты тынку, і стваралася ўражанне страшных зіяючых ран. Іспалінскі слон стаяў у сваім куце пануры, хворы, разбураемы, абкружаны згніўшай агарожай, пастаянна забруджваемы п’янымі фурманамі; бруха яго ва ўсіх напрамках было спярэшчана трэшчынамі, з хваста тырчэў брусок, паміж ног расла высокая трава. Паколькі ўзровень плошчы на працягу гэтых трыццаці год узняўся дзякучы той павольна, але несупынна дзеючай сіле, якая непрыкметна ўзнімае глебу вялікіх гарадоў, то слон апынуўся ва ўпадзіне і, здавалася, што зямля правальваецца пад яго цяжарам. Сама па сабе гэта была фігура забруджаная, брыдкая, агідная, але гордая; у вачах буржуа — агідная, у вачах мысліцеляў — сумная. У ёй было штосьці нячыстае, што хацелася-б змесці мятлою, і разам з тым сказвалася веліч істоты, якую збіраюцца абезгаловіць.

Мы ўжо гаварылі, што ноччу выгляд гэтай фігуры змяняўся. Ноч — зусім падыходзячае асяроддзе для ўсяго