Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/360

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Булачнік моўчкі аддаў хлеб, узяў з прылаўка су і адвярнуўся.

— Наце вось, жарыце! — звярнуўся Гаўрош да дзяцей, аддаючы кожнаму з іх па кавалку хлеба.

Але хлопчыкі здзіўлена глядзелі на яго, не адважваючыся ўзяць хлеб.

Гаўрош рассмяяўся.

— Ах, так! Вы-ж не прывыклі да такіх слоў! — здагадаўся ён і дадаў: — ешце, мае птушачкі.

Лічачы, што старэйшы з дзяцей, які здаваўся яму вартым больш другога гонару гутарыць з ім, мае патрэбу ў асаблівым заахвочванні, каб вызваліцца ад нерашучасці заспакоіць свой голад, ён дадаў, сунуўшы яму самую большую долю хлеба:

— Вось, засунь сабе гэта ў сваю дзюбку.

Самы маленькі кавалак ён пакінуў сабе. Булачнік хоць і стараўся нарэзаць хлеб роўнымі долямі, але ўсё-такі тры часткі былі не зусім аднолькавай велічыні.

Бедныя дзеці, таксама як і Гаўрош, былі страшэнна галодныя. Літаральна разрываючы хлеб зубамі, яны тупалі ў булачнай, гаспадар якой, задаволіўшы іх жаданне, глядзеў цяпер на іх не вельмі ласкава.

— Пойдзем, — сказаў Гаўрош сваім спадарожнікам.

І яны ўсе ўтрох пайшлі далей да Бастыліі. Праходзячы міма ярка асветленых вокнаў магазінаў, якія што раз сустракаліся па дарозе, самы маленькі з хлопчыкаў кожны раз глядзеў на свой свінцовы гадзіннік, які вісеў у яго на шыі на тоненькім шнурочку.

— Які чыжычак! — вымавіў скрозь зубы Гаўрош, з пяшчотнасцю гледзячы на дзіця; потым пасля некаторага раздум’я ён дадаў: — Ну, калі-б у мяне былі такія малышы, я-б іх лепш бярог!

Калі яны даелі свой хлеб і дайшлі да рога пахмурай вуліцы дэ-Баль, у глыбіні якой былі відаць нізенькія і панурыя краты турмы Форс, нехта раптам праказаў:

— А! гэта ты, Гаўрош?

— А! Гэта ты, Манпарнас? — адказаў тым-жа тонам Гаўрош.

Хоць Манпарнас быў пераапрануты і меў на носе сінія акуляры, тым не менш Гаўрош адразу пазнаў яго. Гэта быў адзін з таварышоў Тэнард’е.

— Бачыш, як ты зафарсіў! — казаў далей Гаўрош. — І скуру напяў, падобную колерам да ільняной прыпаркі, і сінія акуляры, нібы ў лекара. Умееш прыбірацца, чорт-бы мяне пабраў!

— Цішэй, не крычы так! — асадзіў яго Манпарнас і та-