Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/358

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нуўся да ўласцівай яго ўзросту бесклапотнасці, раптам заўважыў...

— А мама-ж абяцала звадзіць нас „на вярбу“ ў вербную нядзелю!

— Гэта глупства! — сказаў Гаўрош.

— Мама ў нас важная дама і жыве разам з мамзель Міс.

— Ёсць чым выхваляцца!

Кідаючы гэтыя пагардлівыя заўвагі, Гаўрош спыніўся і пачаў шукаць ва ўсіх латках сваіх лахманоў. Нарэшце, узняў галаву з выглядам, які павінен быў быць, па яго жаданню, толькі задаволеным, а ў сапраўднасці вышаў урачысты.

— Супакойцеся, малышы, — сказаў ён: — нам усім траім ёсць за што павячэраць. Вось, глядзіце.

І ён паказаў ім су.

Не даўшы хлопчыкам часу здзівіцца, ён штурхануў іх перад сабою ў булачную, паклаў там свой су на прылавак і крыкнуў:

— Гарсон! На пяць сантымаў хлеба.

„Гарсон“, які аказаўся самім гаспадаром, узяў хлеб і нож.

— Рэж на тры кавалкі, гарсон! — казаў далей Гаўрош і з гонарам дадаў: — нас трое.

І, заўважыўшы, што булачнік, зірнуўшы на ўсіх траіх пакупнікоў, адклаў у бок белы хлеб і ўзяўся за чорны, Гаўрош засунуў палец у нос і з велічным выглядам Фрыдрыха Вялікага[1], нюхаючага тутун, кінуў булачніку нездаволены пытальны выгук:

— Гэта што такое?!

Булачнік адразу зразумеў Гаўроша.

— Гэта таксама вельмі добры хлеб, толькі другога сорту, — сказаў ён.

— Напэўна, вы хочаце сказаць: самы дрэнны чорны хлеб! — запярэчыў Гаўрош з халоднай пагардаю. — Давайце нам белага хлеба, гарсон, чуеце? Самага лепшага белага хлеба! Я частую.

Булачнік не мог стрымацца ад усмешкі і, нарэзваючы патрабуемага хлеба, глядзеў на дзяцей такім жаласлівым позіркам, які закрануў Гаўроша за жывое.

— А дазвольце ў вас запытаць, пан пекар, чаго гэта вы так па-дзіўнаму вылупляеце на нас свае буркалы? — задзірыста запытаў ён.

  1. Фрыдрых Вялікі (1740 — 1786) — кароль прускі, арганізатар прускай манархіі.