Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/357

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

З гэтымі словамі, разблытаўшы цёплую шарсцяную тканіну, якой была абкручана яго шыя, ён накінуў яе на схудалыя і пасінелыя плечы дзяўчынкі, ператварыўшы такім чынам кашне зноў у шаль.

Дзяўчынка зірнула на яго са здзіўленнем і моўчкі ўзяла падарунак. На пэўнай ступені галечы бядняк настолькі тупее, што ўжо больш не скардзіцца на свае пакуты і не дзякуе за дабро.

— Бр-р-р! — вымавіў Гаўрош, дрыжучы ўсё мацней і мацней.

Услед за гэтым дождж лінуў, як з вядра, нібы ў пакаранне за добрую справу.

— Што гэта яшчэ такое? — ускрыкнуў Гаўрош. — Як з цэбра!.. Калі так будзе далей, я перастану быць добрым! — дадаў ён, ідучы далей.

— Але, не бяда — праказаў ён, кінуўшы развітальны позірк на жабрачку, якая корчылася пад шалем, — хоць-жа яна сагрэецца.

І, зірнуўшы потым на цёмную хмару, якая навісла над яго галавой, ён задзірыста крыкнуў:

— Што, узяла? — і павялічыў крокі. Малышы стараліся паспець за ім.

Праходзячы каля адной з тых тоўстых жалезных рашотак, якімі загароджваюць вокны булачнай, бо хлеб сцеражэцца ў аднолькавай меры з золатам, Гаўрош павярнуўся да сваіх маленькіх падарожнікаў і запытаў у іх:

— Хлопчыкі, а ці абедалі вы сёння?

— Не, судар, — адказаў старэйшы, — мы нічога не елі з самай раніцы.

— Значыць, у вас няма ні бацькі, ні маці? — казаў далей Гаўрош.

— Выбачайце, судар, у нас ёсць і тата і мама, але мы не ведаем, дзе яны, — запярэчыў старэйшы хлапчук.

— А!.. Ну, іншы раз, глядзі, лепш гэтага і не ведаць, — сказаў Гаўрош глыбокадумным тонам.

— Вось ужо дзве гадзіны, як мы ходзім, — казаў далей старэйшы з яго спадарожнікаў, — і шукаем пад нагамі, ці няма чаго з’есці, але нічога не знайшлі.

— Гэта таму, што сабакі жаруць усё, што валяецца на вуліцы, — сказаў Гаўрош і пасля кароткага маўчання дадаў: — Значыць, мы згубілі нашых бацькоў? Мы не ведаем, што з імі сталася?.. Гэта дрэнна, мае даражэнькія! Нядобра так збівацца з шляху! Трэба пастарацца ўладзіць справу.

Ён не стаў больш распытваць хлопчыкаў. Не мець прытулку — справа такая звычайная!

Між тым, старэйшы з хлопчыкаў, які амаль зусім вяр-