Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/349

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Перад тым як сесці, яна раптам заўважыла на лаўцы вялікі камень, якога раней не было. Яна паглядзела на яго, не разумеючы, што-б гэта магло азначаць. Раптам ёй прышло на думку, што яго абавязкова павінен хто-небудзь пакласці сюды, прасунуўшы руку праз рашотку. Гэта здалося да таго страшным, што яна бягом пусцілася дадому і, увайшоўшы ў пакой, заперла хутчэй усе дзверы і вокны. Гэтую ноч яна спала дрэнна. Прачнуўшыся раніцою на другі дзень, яна ўспомніла пра свой страх, і ёй зрабілася смешна. Чаго яна так спалохалася? Гэта, напэўна, было зноў што-небудзь накшталт коміна.

— Напэўна, цяпер ужо няма ніякага каменя на лаўцы, як і чалавека ў круглым капелюшы. Усё гэта мне здавалася.

Яна апранулася і вышла ў сад. Падбегшы да лаўкі, яна ўбачыла камень на ранейшым месцы. Яе кінула ў халодны пот.

Але спалох яе цягнуўся адзін толькі момант. Тое, што ўночы палохае, у дзень пачынае цікавіць.

— Трэба, аднак, паглядзець, што гэта такое, — сказала яна.

Яна прыўзняла камень. Пад ім ляжала нейкае пісьмо.

Гэта быў канверт з белай паперы. Казета схапіла яго. Зверху не было ніякага адраса, пячаткі таксама не было. Унутры-ж ляжалі нейкія паперы.

Казета пачала разбіраць іх. Цяпер ужо гэта быў не страх і нават не цікаўнасць, а пачатак душэўных хваляванняў.

Казета выхапіла з канверта невялікі сшытачак, старонкі якога былі перанумераваны і спісаны прыгожым почыркам. Яна пачала адшукваць подпіс, якое-небудзь імя: ні аднаго, ні другога не было. Каму-б гэта магло быць адрасавана? Напэўна ёй, бо паклалі на яе лаўку. Ад каго-ж гэта? Невыказнае ачараванне ахапіла яе, яна намагалася адарваць вочы ад гэтых спісаных лісткоў, якія дрыжэлі ў яе руцэ; яна зірнула на неба, на вуліцу, на трапяткія дрэвы, залітыя блескам ранішняга сонца, на галубоў, што лёталі над суседнім дахам, і позірк яе зноў апусціўся на рукапіс. Яна сказала сабе, што павінна ведаць, што там напісана, і пачала чытаць, не адрываючыся.

Гэта было доўгае разважанне пра каханне, намёкі на першыя сустрэчы, на пакуты ад разлукі і невядомасці і, нарэшце, радасць новага, так доўгачаканага спаткання. Чым далей чытала Казета, тым больш апаноўвалі яе мары. Кім маглі быць напісаны гэтыя старонкі? Ад каго яны маглі быць? Казета ні на хвіліну не сумнявалася: ад аднаго толькі чалавека, ад яго!