Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/347

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

якой яна раней у сабе не заўважала. Сумныя думкі мала-па-малу пакінулі яе, і на душы разам з вясною пачыналася світанне і вярталася ранейшае шчасце. Жан Вальжан з захапленнем назіраў гэтую радасную перамену.

Нарэшце, рана яго загаілася, і ён зноў пачаў свае адзінокія вячэрнія прагулкі, да якіх так прывык.

Аднойчы здарылася дзіўная падзея.

У першых чыслах красавіка Жану Вальжану давялося паехаць з дому на некалькі дзён. Гэта здаралася часам, і адсутнасць яго цягнулася звычайна два-тры дні. Куды ён выязджаў, аб гэтым не ведала нават Казета; падарожжы гэтыя супадалі з часам, калі ў доме выходзілі грошы.

На гэты раз, ад’язджаючы, ён сказаў:

— Я вярнуся праз тры дні.

Увечары Казета была дома адна. Яна села за клавікорды[1] і пачала спяваць, акампануючы сабе. Скончыўшы, яна задумалася аб чымсьці.

Раптам ёй здалося, што яна чуе ў садзе нейчыя крокі. Гэта не мог быць бацька, таму што яго не было дома, ні старая Тусен, таму што яна ўжо лягла спаць. Было дзесяць гадзін вечара.

Яна падышла да акна і прыслухалася. Ёй здалося, што крокі былі мужчынскія і вельмі асцярожныя. Яна шпарка ўзбегла да сябе наверх, адчыніла фортачку і зірнула ў сад. Месяц ярка свяціў. На дварэ было ясна, як удзень. Але ў садзе нікога не было. Усё было ціха і спакойна, як заўсёды.

Казета падумала, што гэта ёй проста здалося, і да раніцы амаль забыла пра гэтае здарэнне.

Увечары на другі дзень яна вышла ў сад. Адну хвіліну ёй здалося, што яна зноў чуе шум крокаў, як напярэдадні. Нібы хтосьці ціха ходзіць у гушчары, недалёка ад яе. Яна расхінула галінкі, але нічога не ўбачыла. Каб дайсці да ганка, ёй прыходзілася перайсці маленькую пляцоўку, асветленую ў гэтую хвіліну месяцам. Раптам Казета спынілася, уся здрантвелая.

Побач з яе ценем на зямлі, ля сваіх ног, яна ўбачыла яшчэ нейчы цень, у якога на галаве быў круглы капялюш. Нібы нейкі чалавек стаяў ззаду за ёю.

Адзін момант яна не магла ні закрычаць, ні загаварыць, ні абярнуцца.

Нарэшце, яна прымусіла сябе азірнуцца. За ёю нікога не было. Яна паглядзела на зямлю, — цень знік.

  1. Клавікорды — клавішны музычны інструмент, папярэднік сучаснага раяля.