Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/346

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І пасля кароткага маўчання, угадваючы яго смутак, яна запытвала:

— А з табою што, бацька?

— Са мною? Нічога, — адказваў ён.

Гэтыя дзве істоты, якія так выключна любілі адна адну і так доўга жылі толькі адна для адной, мучыліся цяпер разам адна праз другую, маўкліва, пакорліва і ўсміхаючыся.

XXIV

ЦЕНЬ

Так паступова іх існаванне атулялася ценем. Ад ранейшага жыцця ім асталося адно толькі здавальненне: наведваць бедных, даваць ім хлеб і вопратку. У гэты самы час яны наведвалі вярцеп Жандрэта.

На другі дзень пасля гэтага наведвання Жан Вальжан з’явіўся да Казеты спакойны, як заўсёды, але з вялізнай ранай на левай руцэ, страшэнна ўспалёнай і падобнай да апёку. Паходжанне яе ён вытлумачыў сяк-так. Рана гэта прымусіла яго цэлы месяц прасядзець дома ў вялікай ліхарадцы. Ніякія просьбы Казеты не маглі прымусіць яго згадзіцца, каб запрасіць доктара.

Раніцою і ўвечары яна рабіла яму перавязкі з такою ласкаю і шчасцем ад думкі, што можа быць яму карысна, што Жан Вальжан адчуваў прыліў нейкай асалоды. Усе былыя радасці вярнуліся да яго, а страхі, туга амаль зніклі. Ён думаў пра сябе:

„О, благаславенная рана, о, мілае мучэнне!“

Бачачы хваробу бацькі, Казета, зусім перасялілася да яго ў флігель і цэлыя дні праводзіла каля яго. Яна чытала яму яго любімыя кнігі, пераважна падарожжы, і Жан Вальжан зусім ажыў. Шчасце яго было такое вялікае, што нечаканая сустрэча з сям’ёй Тэнард’е ў іх страшным прытоне амаль не пакінула ў ім ніякага следу. Ён нават з жалем ўспамінаў пра гэтых няшчасных, якія пакутуюць цяпер у турме.

Настала вясна. Сад зноў апрануўся ў сваё цудоўнае зялёнае адзенне, і Жан Вальжан сказаў Казеце:

— Чаму ты ніколі не гуляеш у садзе? Ідзі, пагуляй.

— Як ты хочаш, бацька, — сказала Казета.

Каб зрабіць яму прыемнасць, яна аднавіла свае прагулкі. Жан Вальжан амаль зусім выздаравеў.

Калі Казета ўбачыла, што бацька папраўляецца і, як відаць, зусім шчаслівы, то ў ёй з’явілася задаволенасць,