Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/345

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пахмурае і злоснае, заснуўшае ў глыбіні яго душы, зноў узнімаецца ў ім і мімаволі вырываецца з яе. Далейшы ход падзей нам вядомы. Пасля таго, як Марыус аднойчы сачыў за імі да самай кватэры на Заходняй вуліцы, Жан Вальжан выехаў адтуль, рашыўшы больш не вяртацца. Ён вярнуўся на вуліцу Плюме.

Казета ўсё маўчала. Яна ні пра што не пыталася, а Жан Вальжан не зразумеў значэнне гэтага маўчання. Ён заўважыў толькі, што яна сумная і бледная.

Аднойчы ён захацеў зрабіць спробу.

— Калі хочаш, пойдзем у Люксембург? — запытаў ён.

Твар Казеты асвятліўся радасцю.

— О, так! — адказвала яна.

Гэта было праз тры месяцы пасля іх адсутнасці. Марыуса яны не сустрэлі. На другі дзень Жан Вальжан зноў запытаў:

— Калі хочаш, пойдзем у Люксембург?

— Не, не хачу, — адказвала яна сумна і коратка.

Жан Вальжан быў абражаны гэтым сумам і ўстрывожаны гэтай ціхамірнасцю.

Што адбывалася ў гэтай маладой і непранікальнай душы? Што паспявала ў ёй? Часта-ж Жан Вальжан, замест таго каб легчы спаць, праседжваў цэлымі гадзінамі, думаючы над гэтымі пытаннямі.

Як шкадаваў ён у гэтыя хвіліны, што пакінуў манастыр, гэтую абіцель нявіннасці і дабрадзейнасці! Нашто ўвёў ён Казету ў гэты свет, поўны шаленстваў і гора? І ён раскайваўся ў сваёй самаафярнасці і з глыбокім смуткам запытваў у сябе: „За што? Што я зрабіў?“

Казета, з свайго боку, мучылася. Калі Жан Вальжан спыніў свае прагулкі ў сад, яна сказала сабе, што няварта паказваць выгляду, што яна шкадуе гэтага, і тады бацька зноў павядзе яе туды. Але дні праходзілі за днямі, прайшлі месяцы, а Жан Вальжан і не думаў пра гэта. Ён маўкліва прыняў маўклівую згоду Казеты. Тады яна пачала шкадаваць аб сваіх паводзінах, але было ўжо позна. Калі яна вярнулася ў Люксембург, Марыуса там не было.

Між іншым, ні Жан Вальжан, ні Казета нічым не выдавалі адзін аднаму сваіх душэўных трывог. Чым глыбей мучыўся ён, тым далікатнейшыя рабіліся яго адносіны да яе. Чым больш узмацнялася пачуццё Казеты, тым яна, рабілася больш бледнай. Гэта мучыла Жана Вальжана.

— Што з табою? — запытваў ён.

— Нічога, — нязменна адказвала яна.