Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/344

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Казета даўно ўжо заўважыла юнака, якога яны так часта сустракалі ў час сваіх штодзённых прагулак. Яна знайшла яго вельмі прыгожым, але паколькі ён спачатку не звяртаў на яе ўвагі, то ён быў для яе абыякавы.

У той дзень, калі яны сустрэліся вачыма адзін з адным, Казета спачатку нічога не зразумела, але задуменна вярнулася дадому, на Заходнюю вуліцу, куды ў гэты час не надоўга пераехаў Жан Вальжан. На другі дзень яна зноў успомніла пра незнаёмага маладога чалавека, і ёй здалося, што цяпер ён пачаў звяртаць на яе ўвагу.

Так прайшло некалькі часу; прагулкі ў сад і сустрэчы з невядомым паўтараліся. Кожны позірк непрыкметна збліжаў Казету і Марыуса, і яны пачалі багатварыць адзін аднаго. Яны нічога не гаварылі адзін аднаму, не віталіся, не былі знаёмы, але, нібы зоркі, жылі позіркамі.

Жан Вальжан спачатку нічога не заўважаў. Марыус несвядома ўхіляўся ад яго. Але надышоў момант, калі стары мімаволі звярнуў увагу на маладога чалавека. Перш за ўсё яму кінулася ў вочы тое, што ён перастаў праходзіць міма, а садзіўся цяпер воддаль з разгорнутай кнігай у руках, у якой па цэлых гадзінах не перагортваў старонкі. Потым яго новае адзенне, тады як ён заўсёды насіў старое. Нарэшце Жан Вальжан зненавідзеў юнака.

Казета, між тым, нічым сябе не выдавала, смутна ўяўляючы, што яна перажывае цяпер штосьці, патрабуючае таямніцы.

Тады Жан Вальжан узняў цэлую вайну супроць Марыуса, аб якой той, вядома, не здагадаўся, і таму кожны раз пападаў у пастку, Жан Вальжан змяніў гадзіну прагулак, лаўку, забыў хустачку, з’яўляўся адзін у Люксембургскі сад. Марыус, як ашалелы, кідаўся ва ўсе гэтыя пасткіі на ўсё адказваў: так. Казета, між тым, аставалася замкнутай ў сваёй прыкідной абыякавасці і непарушным спакоі, так што Жан Вальжан рашыў пра сябе:

„Гэты павеса да шаленства закаханы ў Казету, але яна нават і не здагадваецца пра яго існаванне“.

Сэрца яго тым не менш сціскалася. З хвіліны на хвіліну Казета таксама магла пакахаць. Усё пачынаецца з абыякавасці. Раз толькі Казета зрабіла промах, які навёў на яго жах. Прасядзеўшы тры гадзіны на садовай лаўцы, ён устаў і сказаў, што пара дадому.

— Ужо? — запытала яна.

Жан Вальжан не спыніў сваіх прагулак, але ў той час, калі маладыя людзі абменьваліся позіркамі і ўсмешкамі, ён накіроўваў на Марыуса такі позірк, што, здавалася, усё