Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/340

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

XXIII

ВУЛІЦА ПЛЮМЕ

У канцы мінулага стагоддзя ў адным з бязлюдных кварталаў Сен-Жэрменскага прадмесця быў пабудаваны на вуліцы Плюме дом. Ён прадстаўляў сабою невысокі павільён, абкружаны садам. Ззаду за павільёнам стаяў маленькі флігелік, у якім было ўсяго два пакоі. Ад задняй сцяны гэтага флігеля ішоў вузкі, доўгі калідор без столі паміж двух паралельных сцен, надзвычай па-майстэрску схаваны між садовых агарожаў. Абодва канцы калідора замыкаліся дзвярыма з сакрэтам, з якіх адны злучаліся з флігелем, а другія выходзілі ў бязлюдны канец Вавілонскай вуліцы. З вуліцы Плюме ніхто не мог-бы здагадацца, што ісці ў Вавілонскую вуліцу азначала папасці ў дом.

Дом быў вельмі добра і нават пышна мэбляваны ранейшым уладаром. Але ў час рэволюцыі ён перайшоў у рукі нейкага кацельшчыка, які хутка абвешчаны быў банкротам[1]. З таго часу дом аставаўся незаняты і то прадаваўся, то аддаваўся ў наём.

У кастрычніку 1829 года з’явіўся пажылы пан і наняў увесь дом. Ён загадаў зрабіць усе патрэбныя папраўкі, аднавіць сакрэтныя замкі і хутка скромна пасяліўся ў ім з маладзенькай дзяўчынкай і старой служанкай.

Гэты скромны жыхар быў Жан Вальжан, маладая дзяўчына — Казета, а служанка — старая Тусен, якую Жан Вальжан выратаваў ад хваробы і галечы. Дом гэты ён заняў пад імем пана Фашлевана, рант’е.

Чаму-ж Жан Вальжан пакінуў манастыр? Што такое здарылася?

Нічога не здарылася. Вядома, што Жан Вальжан у манастыры быў такі шчаслівы, што сумленне яго пачало трывожыцца. Ён заўсёды бачыў каля сябе Казету, пераконваў сябе, што яна непадзельна належыць яму і ніхто не можа яе адабраць. Яна пасля, вядома, пастрыжэцца ў манашкі, і такім чынам манастыр будзе сусветам для яе, як і для яго. Ён у ім састарэецца, а яна вырасце, потым і яна састарэецца, а ён памрэ. Ніякая разлука немагчыма. Думаючы аб гэтым, ён пачаў хвалявацца. Ён задаў сабе пытанне: ці не з’яўляецца яго шчасце шкодай чужому шчасцю? Ці не прысвойвае ён сабе тое, што яму не належыць? Ён казаў сабе, што гэтае дзіця мае права, перш чым

  1. Банкрот — банкір, які разарыўся, наогул чалавек, які абвясціў сябе няздольным плацельшчыкам.