Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/34

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

доўны чалавек! У такім выпадку вам маіх грошай не трэба. Вы прыхадскі, мабыць, вунь з той вялікай царквы? Але які-ж я дурны ўсё-такі! Я адразу не заўважыў вашай камілаўкі[1].

Гаворачы такім чынам, ён зняў са спіны ранец, паклаў яго на падлогу, а кій паставіў у парозе. Потым схаваў у кішэню пашпарт і сеў. Мадэмуазель Батыстын лагодна глядзела на яго. Ён зноў загаварыў:

— Вы вельмі чалавекалюбівы, бацюшка. У вас няма пагарды. Добры бацюшка — важная справа. Дык не трэба з мяне платы?

— Не, не трэба, пакіньце грошы ў сябе. Колькі ў вас? Вы, здаецца, сказалі: сто дзевяць франкаў?

— І пятнаццаць су, — дадаў Вальжан.

— Сто дзевяць франкаў пятнаццаць су. За колькі часу вы іх зарабілі?

— За дзевятнаццаць год.

— За дзевятнаццаць год!

І епіскап глыбока ўздыхнуў.

— У мяне яшчэ захаваліся ўсе грошы поўнасцю, — казаў далей госць. — У гэтыя чатыры дні я страціў усяго-на-ўсяго дваццаць пяць су, якія я зарабіў, дапамагаючы разгружаць вазы ў Грасе. Паколькі вы абат, то я вам скажу, што ў нас ёсць поп у астрозе. А раз я бачыў нават епіскапа. Яго завуць свяцейшы. Ён прыехаў з Марселя. Гэта, вы ведаеце, поп над усімі папамі. Я дрэнна расказваю, але я так мала ведаю гэтыя справы. Наша брацтва гэта кепска разумее! Дык вось ён пасярод астрога правіў службу, на аналоі. На галаве ў яго было штосьці бліскучае, залатое. На яркім паўднёвым сонцы гэта проста гарэла. Мы стаялі навакол яго з трох бакоў, а супроць нас наведзены былі пушкі з запаленымі кнатамі. Мы добра і не бачылі, шта там такое рабілася; ён штосьці гаварыў, але паколькі ён стаяў далёка ад нас, то нам яго не было чуваць. Вось што значыць епіскап.

У час яго апавядання епіскап Мірыель устаў і зачыніў дзверы на вуліцу, якія прыхожы пакінуў расчыненыя.

Увайшла пані Маглуар. Яна прынесла і паставіла на стол прыбор.

— Пані Маглуар, — сказаў епіскап, — пастаўце ўсё як мага бліжэй да агню.

І, абярнуўшыся да госця, дадаў:

— Начны вецер у Альпах надта халодны; вы, напэўна, вельмі ззяблі, міласцівы судар?

  1. Камілаўка — галаўны ўбор слўжыцелей культа.