Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/336

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Жанчына нагнулася, падняла камяк і перадала мужу.

— Адкуль гэта ўпала? — запытаў ён.

— Адкуль? Вядома, з акна, — адказала жонка.

Тэнард'е разгарнуў паперу і прачытаў.

— Гром і маланка! — ускрыкнуў ён. — Почырк Эпаніны. Хутчэй лесніцу і давай бог ногі! Кінем сала ў мышалоўцы.

— Як-жа мы ўцячом?

— Праз акно.

Разбойнікі кінулі старога і ў момант пачалі прымацоўваць лесніцу да падаконніка.

Палонны не звяртаў, як відаць, ніякай увагі на гэтую мітусню. Здавалася, ён размышляў ці маліўся.

Як толькі ўмацавалі лесніцу, Тэнард'е ўскрыкнуў:

— Ну, жонка, лезь! — і першы кінуўся да акна.

Раптам адзін з разбойнікаў схапіў яго за каршэнь.

— Не, стой, стары штукар, перш мы!

— Вы, дзеці, — адказаў Тэнард'е, — пачынаеце спрачацца, мы трацім час, а паліцыя ў нас за спіной.

— Ну, дык кінем жрэбі, каму перш, — адказаў разбойнік.

— Ды вы звар'яцелі! — заенчыў Тэнард'е. — Вось ёлупы! Кідаць жрэбі! Ці не хочаце вы пісаць імёны і кідаць іх у шапку?

— Мо вам даць мой капялюш? — запытаў нейчы голас з парога дзвярэй.

Усе абярнуліся. Гэта быў Жавер.

Ён трымаў у працягнутай руцэ капялюш і ўсміхаўся.

З надыходам вечара Жавер расставіў вакол дома Гарбо варту і пачаў справу з таго, што арыштаваў абодвух маладых дзяўчын, якія стаялі на варце. Але яму ўдалося захапіць толькі малодшую — Азельму; старэйшая-ж, Эпаніна, паспела схавацца. Пасля таго Жавер пачаў чакаць умоўленага сігнала. Прачакаўшы даволі доўга і дарэмна, ён рашыў распачаць дзеянні і ўвайшоў у дом. Ён з'явіўся якраз у пару.

Зладзеі кінуліся да зброі, якую яны пакідалі ў тую хвіліну, калі сабраліся ўцякаць. Яны ўзброіліся, хто молатам, хто нажом, хто абцугамі, і ў адну секунду сталі ў абарончае палажэнне.

Жонка Тэнард'е схапіла ў рукі вялізны камень, які служыў лавачкай яе дочкам.

Жавер надзеў капялюш і, скрыжаваўшы рукі, зрабіў два крокі ўсярэдзіну пакоя.

— Стой! — ускрыкнуў ён. — Праз акно вы не пройдзеце, вы выйдзеце ўсе ў дзверы. Гэта больш бяспечна. Вас семера, а нас пятнаццаць. Будзем разумныя!