Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/334

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цугі. Такую манету знайшла паліцыя ў трушчобе Тэнард'е. Яна, відавочна, належала палоннаму.

Між тым, ён ускрыкнуў:

— Вы зладзеі, але жыццё маё не варта таго, каб яго так абараняць. Калі вы спадзяецеся, што прымусіце мяне гаварыць, прымусіце напісаць тое, чаго я не хачу напісаць, сказаць тое, чаго я не хачу…

І, закасаўшы левую руку да локця, ён дадаў:

— Глядзіце!

І ў тую-ж хвіліну ён прыклаў да цела распаленае жалеза, якое трымаў у правай руцэ.

Пачулася шыпенне паленага мяса, і пах, уласцівы засценкам, напоўніў пакой.

Марыус пахіснуўся ад жаху: нават разбойнікі здрыгануліся.

Рысы твару дзіўнага старога ледзь змяніліся, і ў той час, як распаленае жалеза ўтыкалася ў дымучую рану, спакойны і велічны, ён утаропіў свой ясны позірк на Тэнард'е, — позірк без нянавісці, дзе пакуты зніклі ў няземным спакоі.

— Агідныя, — сказаў ён, — не бойцеся мяне, таксама як і я не баюся вас.

І, ададраўшы абцугі, ён выкінуў іх праз адчыненае акно на вуліцу.

— Цяпер рабіце са мною, што хочаце.

— Бярыце яго! — ускрыкнуў Тэнард'е.

Два разбойнікі падышлі да старога і схапілі яго за плечы. Адзін падняў молат і кожную хвіліну гатовы быў разбіць яму чэрап.

Тэнард'е паціху падышоў да стала і выхапіў з шуфляды нож.

Марыус сударгава сціскаў рукаятку пісталета. Страшная нерашучасць. Цэлую гадзіну ўжо змагаўся ён сам з сабою. Ён усё чакаў якой-небудзь выпадковасці, якая-б усё вырашыла, але нічога не з'яўлялася. Тэнард'е, між тым, стаяў у раздум'і з нажом у руцэ.

Раптам позірк Марыуса выпадкова ўпаў на стол. Пры святле месяца ён убачыў невялікі кавалачак паперы, на якім рукою маладой дзяўчыны напісана было: „Прышла паліцыя“.

Марыуса падбадзёрыла раптоўная думка. Ён працягнуў руку з камода да стала, схапіў паперу, адламаў ад сцяны кавалак тынку і, закруціўшы яго ў паперку, кінуў праз адтуліну ў пакой Тэнард'е. Быў час. Тэнард'е пакончыў з сваёй нерашучасцю і набліжаўся да сваёй афяры.

— Штосьці ўпала! — ускрыкнула жонка.

— Што такое? — запытаў муж.