Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/333

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ціны пранесліся ў мазгах Марыуса. Як, яе не прывядуць сюды, а пакінуць на руках нейкага нягодніка, завязуць кудысьці! Што рабіць? Становішча рабілася больш грозным з кожнай хвілінай, можна было чакаць самага горшага.

У цішыні ў гэтую хвіліну пачуўся стук дзвярэй. Хтосьці хутка падымаўся па лесніцы.

— Вось яна! — праказаў Тэнард'е.

Дзверы з ярасцю адчыніліся, і жонка яго, чырвоная, задыханая, з палаючымі вачыма, уляцела ў пакой, крычачы і пляскаючы сябе рукамі па баках:

— Адрас фальшывы!

— Фальшывы? — паўтарыў Тэнард'е.

— У вуліцы Сен-Дамінік, у доме нумар семнаццаць, няма Урбена Фабра. Там нават не ведаюць, хто гэта такі.

Яна спынілася, задыхаючыся, потым прадаўжала:

— Тэнард'е, гэты стары цябе ашуквае. Ты надта міласлівы да яго. Я на тваім месцы зарэзала-б яго, зварыла-б жыўцом, тады-б ён загаварыў і сказаў-бы, дзе дзеўка. Вось як-бы я зрабіла! Праўду кажуць, што мужчыны дурнейшыя за жанчын. У нумары семнаццаць ніякага Фабра ніколі не было. А мы-то ляцелі як ашалелыя.

Марыус лёгка ўздыхнуў. Яна, Урсула, або Жаўранак, тая, якую ён цяпер не ведаў, як назваць, была выратавана.

Між тым, Тэнард'е зноў сеў за стол і ў задуменні глядзеў на распаленыя абцугі. Нарэшце, ён звярнуўся да старога і сказаў:

— Фальшывы адрас? На што-ж ты спадзяваўся?

— Выйграць час! — ускрыкнуў палонны грамавым голасам. І ў тую-ж хвіліну скінуў путы, якія аказаліся перарэзанымі. У палоннага асталася прывязаная адна толькі нага.

Перш чым сем зладзеяў паспелі апамятацца, ён нагнуўся да жароўні, выхапіў з яе абцугі, потым выпрастаўся і грозна падняў іх над галавою. Прысутныя мімаволі адскочылі і ў глыбокім здзіўленні глядзелі на яго.

Судовае следства, якое рабілася праз некаторы час у халупе Гарбо, паказала, што на падлозе ў гэтым катуху знойдзена была медная манета, асобным спосабам распілаваная. Гэта было адно з цудаў лоўкасці і цярпення, якое спараджаецца катаргай, і прадстаўляе сабой не што іншае, як прыладу бегства. Амаль без ніякіх інструментаў, пры дапамозе якога-небудзь старога нажа, катаржніку ўдаецца распілаваць медны грош на дзве тонкія пласцінкі і злёгку іх выдаўбіць. На краі робіцца маленькі вінцік, пры дапамозе якога абедзве палавінкі зноў злучаюцца. У манеце хаваецца стальная тонкая пілка, якою і перапілоўваюць кайданы і лан-