Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І ён выхапіў з кішэні вялікі жоўты аркуш паперы і разгарнуў яго.

— Вось мой пашпарт. Жоўты, як бачыце. Вось гэта і прымушае іх гнаць мяне адусюль. Хочаце прачытаць яго? Я ўмею чытаць. Я навучыўся ў астрозе. Там ёсць школа для жадаючых. Глядзіце, вось што прапісана ў маім пашпарце: "Жан Вальжан, вызвалены катаржнік, уражэнец..." Але гэта вам усёроўна... "Прасядзеў у астрозе: дзевятнаццаць год. Пяць год за крадзёж са ўзломам, чатырнаццаць за чатырохразовую спробу ўцячы. Гэта чалавек вельмі небяспечны." Вось бачыце. Усе мяне выгналі ад сябе. А вы хіба хочаце мяне прыняць? Хіба ў вас гасцініца? Дасцё мне пад'есці і адпачыць? У вас ёсць які-небудзь хлеў?

— Пані Маглуар, — сказаў епіскап, — пакладзіце чыстую бялізну на пасцель у малельні.

Мы гаварылі ўжо аб пакорнай паслухмянасці гэтых двух жанчын. Пані Маглуар вышла, каб выканаць загад.

— Садзіцеся і сагравайцеся, міласцівы судар, — сказаў епіскап, звяртаючыся да Вальжана. — Зараз нам пададуць вячэру, а вам у гэты час падрыхтуюць пасцель.

Тут Жан Вальжан, здавалася, усё зразумеў. Суровы і хмуры выраз твара змяніўся раптам здзіўленнем, сумненнем і радасцю і зрабіўся незвычайным. Ён пачаў нескладна штосьці мармытаць пра сябе, нібы звар'яцелы.

— Як, дык гэта праўда? Вы мяне пакідаеце ў сябе, не выганяеце? Катаржніка вы завеце "міласцівы судар", вы не кажаце на мяне "ты"? "Пайдзі вон, сабака!" казалі мне заўсёды. Я быў упэўнены, што вы мяне выганіце. Вось таму я і паведаміў адразу-ж, хто я такі. Ох, цудоўная жанчына, што паказала мне ваш дом! Я буду вячэраць! Буду спаць на пасцелі, як усе!.. Пасцель! Дзевятнаццаць год не спаў я на пасцелі! Вы сапраўды не гоніце мяне? Вы — цудоўныя людзі. Між іншым, у мяне ёсць грошы. Я добра заплачу. Выбачайце, пан шынкар, як вас завуць? Я заплачу, колькі хочаце. Вы сумленны чалавек. Вы-ж, шынкар, праўда?

— Я тутэйшы поп, — адказваў епіскап.

— Поп! — ускрыкнуў Жан Вальжан. — Ох, які-ж вы цу-