Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/326

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

забойцу?! Хіба можна мець пачуццё падзякі да такога нягодніка? Усе мары, выпешчаныя Марыусам на працягу гэтых чатырох год, зусім зблыталіся ад нечаканага ўдару.

Ён трапятаў. Усё залежала ад яго. Ён трымаў гэтых людзей у руках. Калі ён стрэліць, пан Леблан будзе выратаваны, Тэнард'е загіне. Калі ён не стрэліць, пан Леблан будзе прынесены ў афяру і — хто ведае? — Тэнард'е, магчыма, ухіліцца ад пакарання. Звергнуць аднаго ці даць пасці друтому? Дакоры сумлення ў абодвух выпадках. Што рабіць? Дзе выбар? Ён ледзь не страціў прытомнасць.

Між тым, Тэнард'е хадзіў узад і ўперад па пакоі з нейкай шалёнай радасцю.

— Нарэшце я знайшоў вас, пан дабрадзей! — ускрыкнуў ён. — Пан абшарпаны мільянер! Стары камедыянт! А, вы мяне не пазнаеце? Дык гэта не вы былі ў мяне ў шынку ў Манфермейлі напярэдадні каляд 1823 года? Гэта не вы звялі ад мяне дзіця Фантыны, Жаўранка? А, вы мяне не пазналі? Ну, дык я вас пазнаў! Я вас пазнаў адразу-ж, як толькі вы прасунулі сюды сваю морду. Вось цяпер убачаць, што нельга заходзіць у дамы толькі таму, што гэта шынкі, і з выглядам жабрака ашукваць людзей, разыгрываць велікадушнага, адбіраць у іх заработак і пагражаць яшчэ ім у лесе. А потым, калі людзі разарыліся, дарыць ім нейкія больнічныя коўдры і да агіднасці шырокія сурдуты. Ах ты, стары нягоднік! Крадзежнік дзяцей!

Ён змоўк на хвіліну, потым, грукнуўшы кулаком па стале, зноў закрычаў:

— Вы насмяяліся тады з мяне! Вы — прычына ўсіх маіх няшчасцяў! Вы адабралі ў мяне за паўтары тысячы франкаў дзяўчынку, якая, напэўна, была з багатых, за якую я ўжо атрымаў столькі грошай і якая павінна была служыць мне вечна крыніцай існавання! Цяпер я вам адплачу за вашу насмешку. Цяпер я смяюся з вас, вось вам! Папаўся, стары дурань! Я-то нагарадзіў яму, што я — артыст Фабанту, іграў з мадэмуазель Марс[1], што павінен сёння плаціць за кватэру! Якая бязглуздзіца! А ён і прынёс мне чатыры нейкіх манеткі! Не хапіла нават сэрца даць сто франкаў! Гэта цікава, аднак. Ты ў мяне ў руках. Раніцою, думаю сабе, я ліжу яму лапы, а ўвечары выгрызу сэрца.

Тэнард'е спыніўся. Ён задыхаўся. Грудзі яго ўзнімаліся, як кавальскія мяхі. Вочы зіхацелі і поўны былі нізкай

  1. Мадэмуазель Марс — французская артыстка, якая выконвала галоўныя жаночыя ролі ў п'есах Віктара Гюго.