Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/321

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Гэта я, — сказаў ён.

— Ну, што? — запытала жонка.

— Холадна! — адказваў ён. — Ты вось што, апраніся; трэба, каб выгляд твой выклікаў давер'е. Не забудзь нічога, што я табе кажу. Якая гэта гадзіна?

— Хутка шэсць. Нядаўна прабіла палову шостай.

— Ці добра ведаеш, што па суседству нікога няма?

— Напэўна. Табе-ж вядома, што сусед у гэты час ходзіць абедаць.

— Усё-такі лепш паглядзець. Схадзі-тка ты, дачка, паглядзі.

Марыус бясшумна споўз з ложка і падлез пад яго, забіўшыся ў самы далёкі куток. Ледзь толькі ён улёгся, як у пакой хтосьці ўвайшоў. Гэта была маладая дзяўчына, якая прыходзіла ўжо да Марыуса. Яна пабыла ў пакоі з хвіліну і вышла.

— Няма нікога, — сказала яна бацьку.

— Цяпер адпраўляйцеся абедзьве дзяўчынкі на варту — адна на адзін рог, другая — на другі.

— Ага, босая ў снег… — прамармытала старэйшая.

— Заўтра ў вас будуць шаўковыя чаравікі, пачакайце, — адказваў бацька.

Дзяўчыны вышлі. У доме асталіся толькі Жандрэты, муж і жонка, і Марыус у сваім пакоі.

Малады чалавек рашыў, што пара заняць назіральны пост. У адну хвіліну ён быў ужо на камодзе і зірнуў да суседзяў.

Унутранасць мансарды мела дзіўны выгляд, і Марыус падумаў, што гэта з-за своеасаблівага асвятлення. Яно выходзіла з жароўні, напоўненай гарачым вугаллем, у полымя якога засунуты быў нейкі прадмет, падобны да жалезных абцугоў, распаленых дачырвана. У адным куце пакоя ляжала вяровачная лесніца, а ў другім — куча жалезнага ламачча; усё разам нагадвала кузню. Жандрэт закурыў люльку і сеў на прабітым крэсле ля агню. Яго жонка ціха з ім гутарыла.

Калі-б Марыус быў у іншым настроі, то ён абавязкова рассмяяўся-б, гледзячы на постаць пані Жандрэт у незвычайным касцюме. На ёй быў нейкі чорны капялюш нябачанага фасону і вялізны плед на плячах; з-пад хусткі тырчэла шарсцяная спадніца, ногі-ж абуты былі ў брудныя падраныя чаравікі. Тым не менш муж ускрыкнуў:

— Ты добра прыбралася. Твой выгляд выклікае давер'е. Цяпер запалі ліхтар і зыйдзі ўніз. Ён, напэўна, прыедзе на рамізніку. Ты яму пасвяці на лесніцы і адпусці рамізніка.

— А грошы? — запытала жонка.