Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

стомлены і смелы. Агонь каміна асвятліў яго. Ён быў агідны. Гэта было злавеснае з'яўленне.

Пані Маглуар з перапуду не магла нават крыкнуць. Яна ўся задрыжала і аслупянела.

Мадэмуазель Батыстын павярнулася, зірнула на ўвайшоўшага і палахліва выпрасталася. Потым перавяла позірк на свайго брата, які сядзеў са спакойным і ясным тварам і пакрыху заспакоілася.

Епіскап уважліва глядзеў на ўвайшоўшага сваімі спакойнымі вачыма.

У той час, калі ён хацеў, напэўна, задаць першае пытанне незнаёмаму, гэты апошні, абапёршыся адразу абодвума рукамі на свой кій, абвёў вачыма пакой і сядзеўшых у ім старога і двух жанчын і, не чакаючы, каб епіскап загаварыў з ім, сказаў гучным голасам:

— Вось што. Мяне завуць Жан Вальжан. Я — катаржнік. Я прасядзеў дзевятнаццаць год у астрозе. Чатыры дні таму назад мяне вызвалілі, і я прабіраюся пехатою ў Пантарліе, назначанае мне месцам пасялення. Чатыры дні ўжо я іду з Тулона. Сёння я прайшоў пешшу дванаццаць лье. Увечары я зайшоў у адну гасцініцу, але мяне адтуль выгналі з-за майго воўчага білета, які я прад'явіў у мэрыі. Так і трэба было. Мне сказалі: „Убірайся!“ у адной і ў другой. Ніхто не хацеў даць мне прытулак. Нават сабака выгнаў мяне з сваёй будкі, нібы ён таксама чалавек. Ён, напэўна, ведаў, хто я. Я вышаў у поле, пад ахову зорак. Але зорак не было. Я вярнуўся ў горад. На плошчы я лёг на каменнай лаўцы, а якаясьці добрая жанчына паказала мне ваш дом і сказала: „Пастукайцеся туды”. Я пастукаўся. Што тут такое? Гасцініца? У мяне ёсць грошы. Сто дзевяць франкаў і пятнаццаць су, якія я зарабіў на катарзе на працягу дзевятнаццаці год. Я заплачу. Мне што? У мяне грошы ёсць. Я страшэнна стаміўся: дванаццаць лье пехатою. Я галодны. Ці хочаце, каб я астаўся?

— Пані Маглуар, — сказаў епіскап, — пастаўце на стол яшчэ адзін прыбор.

Чалавек ступіў наперад тры крокі і спыніўся ля гарэўшай на стале лямпы.

— Дазвольце, — праказаў ён, быццам нічога не разумеючы, — гэта не тое. Хіба вы не чулі? Я катаржнік. Злачынец. Я вярнуўся з галераў[1].

  1. Галеры — вялікае грэбнае судно з адным радам вёслаў, якое мае рознае прызначэнне, пераважна ваеннае. Даўжыня звычайнай галеры, якую славяне Міжземнага мора называлі „каторга“, была крыху больш за 50 метраў. За кожным вяслом такой быстраходнай галеры сядзела чалавек пяць. Галера рабіла каля 15 кілометраў у гадзіну. У сярэднія вякі праца галернікаў была прымусовая. Палонныя, рабы і злачынцы былі грабцамі галер, адсюль паходзіць слова галернік, або, па-славянску, катаржнік. У Расіі галеры з'явіліся пры Пятры І. Першая галера ў 33 вяслы прыбыла з Галандыі ў 1695 годзе і называлася „катарга“; адсюль пайшла назва катаржныя работы.