Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/316

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

XX

ЖАНДРЭТ

Марыус не прапусціў ніводнага слова з усёй гэтай сцэны, хоць вочы яго ўвесь час прыкуты былі да цудоўнай маладой дзяўчыны. Калі яна вышла, ім аўладала адна толькі думка: пайсці адразу-ж за ёй і як бы там ні было дазнацца, дзе яна жыве. Ён саскочыў з камоды, схапіў капялюш і хацеў выбегчы з пакоя. Але яго спыніла магчымасць сустрэчы ў калідоры з Жандрэтам, а можа быць і з панам Лебланам, які, напэўна, не паспеў яшчэ зыйсці з лесніцы. Што рабіць? Ён пачакаў крыху і, нарэшце, вышаў.

Ён нікога не сустрэў і хутка апынуўся на вуліцы. Ён дабег да бульвара, але ўжо ніякіх слядоў пана Леблана нідзе не было відаць. Аставалася скарыцца перад лёсам, і ў роспачы ён вярнуўся ў сваю халупу.

Ён збіраўся ўжо падняцца на лесніцу, як раптам на процілеглым баку вуліцы ўбачыў Жандрэта, які, захутаўшыся ў паліто дабрадзея, гутарыў з нейкім чалавекам вельмі панурага выгляду. Марыус ледзь звярнуў на іх увагу, але паспеў заўзажыць, што суразмоўнік Жандрэта — вядомы ў акалотку машэннік, вельмі небяспечны. Марыус паволі вярнуўся да сябе. Ён хацеў зачыніць дзверы, але адчуў якуюсьці перашкоду. Ён абярнуўся. Перад ім стаяла дзяўчына, што прыходзіла да яго раніцою.

— Чаго вам трэба? — запытаў у яе Марыус з прыкрасцю.

— Вы чамусьці сумны, пан Марыус, — сказала яна са спачуваннем.

— Ніколькі, не турбуйце мяне.

І ён зноў хацеў зачыніць дзверы.

— Не, пачакайце, — сказала яна. — Я бачу, у вас на душы нейкае гора. Раскажыце яго мне, магчыма, я здолею дапамагчы. Можа вам трэба даведацца пра што-небудзь, прасачыць, адшукаць чый-небудзь адрас? Сапраўды, можаце мяне скарыстаць.

У галаве Марыуса мільганула адна думка. Ён шпарка падышоў да маладой дзяўчыны і сказаў:

— Слухай, ці ты прывяла сюды гэтага пана з дачкою?

— Так, я.

— Ці ты ведаеш, дзе ён жыве?

— Не.

— Дык даведайся!

Дзяўчына са смуткам зірнула на яго.

— Дык вы гэта хочаце ведаць? — запытала яна. — Вы іх ведаеце?