Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/314

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чароўчая здань, якая сваім знікненнем стварыла ноч вакол яго. І вось яна з'явілася зноў! І дзе-ж? У гэтай трушчобе, у гэтым жаху, у гэтай агіднай, непранікальнай цемры!

Марыус увесь дрыжэў. Сэрца яго моцна білася, і ён гатовы быў разрыдацца. Зноў убачыць яе пасля столькіх бясплодвых пошукаў! Яму здавалася, што ён зноў знайшоў сваю душу.

Яна была ўся такая-ж, толькі крыху бляднейшая. Далікатны тварык быў у рамцы ліловага аксамітнага капелюша. Фігура знікла ў складках салопа. Яна прышла ў суправаджэнні пана Леблана. Увайшоўшы ў пакой, яна паклала на стол даволі вялікі пакунак.

Старэйшая дзяўчына, стоячы ля дзвярэй, з пахмурым выглядам аглядвала аксамітны капялюш, футру і чароўны шчаслівы тварык.

У пакоі было так цёмна, што ўвайшоўшым з вуліцы здавалася нібыта яны папалі ў склеп. Госці зрабілі наперад некалькі няўпэўненых крокаў, нікога не бачачы і нічога не адрозніваючы вакол, між тым як іх саміх можна было добра бачыць усім жыхарам халупы, якія прывыклі да змроку.

Пан Леблан з сваім сумным і добрым выглядам падышоў да Жандрэта і сказаў:

— Вы знойдзеце ў гэтым пакунку цёплыя рэчы.

— Ваша ангельская дабрата проста не мае межаў, — праказаў Жандрэт, нізка кланяючыся.

І ў той-жа час, у тую хвіліну, як госць адвярнуўся, аглядзючы абстаноўку жылля, ён сказаў ціха сваёй старэйшай дачцы:

— Вось бачыш? Што я казаў? Апрача ануч нічога. Яны ўсе такія. Дарэчы, як я падпісаўся ў пісьме да яго?

— Фабанту, — адказвала дачка.

— Ах, так, драматычны артыст.

Пан Леблан, між тым, зноў сказаў:

— Я бачу, што вам вельмі дрэнна, пан…

— Фабанту, — падказаў гаспадар.

— Пан Фабанту, так, я ўспомніў.

— Драматычны артыст, які меў калісьці поспех, судар. Вучань Тальма[1]. Калісьці лёс мне ўсміхаўся. Увы, зараз настала чарга няшчасця. Бачыце, дабрадзей, ні цяпла, ні хлеба. Адзінае крэсла паламана; адзівае акно разбіта. У такі холад! У маіх бедных дзяўчынак ні крошкі хлеба; жонка хворая ў пасцелі! Дачка раненая. — Бедныя… — праказаў пан Леблан.

  1. Тальма (Франсуа Жазеф, 1763–1826) — вядомы французскі акцёр.