Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/313

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Дзяўчынка з нейкай несвядомай пакорлівасцю ўдарыла рукой па шклу; асколкі са звонам паляцелі на падлогу.

— Добра! — праказаў бацька.

Ён шпарка акінуў позіркам увесь пакой, нібы палкаводзец пасля бітвы. Потым сказаў жонцы, якая з неўразуменнем глядзела на яго:

— Кладзіся на пасцель!

— Тон не дапускаў пярэчанняў. Яна адразу-ж выканала загад.

У гэты час у куце мансарды пачуўся плач.

— Хто гэта там? — запытаў бацька.

Малодшая дачка паказала свой акрываўлены кулак. Разбіваючы акно, яна парэзала руку.

— Тым лепш, — сказаў бацька.

— Як тым лепш? — ускрыкнула маці. — Ёй боліць!

— Маўчы, не смей пярэчыць!

І ён спрытна разадраў надзетую на ім кашулю і анучай завязаў раненую руку дзяўчынкі.

Ледзяны вецер урываўся праз разбітую шыбу. Здавалася, у пакоі зрабілася яшчэ цямней ад халоднага густога туману, што пранік з вуліцы.

Стары яшчэ раз абвёў пакой задаволеным позіркам, каб упэўніцца, што нічога не забыта. Потым сказаў:

— Цяпер мы можам прыняць дабрадзея.

Некалькі хвілін прайшло ў нудным чаканні. Дзяўчынка ўсё ўсхліпвала.

— Не плач, дзіця маё, — суцяшала яе маці, — а то бацька зноў узлуецца.

— Не, плач, плач, мацней! — ускрыкнуў бацька. — Гэта добра. Што-ж ён, аднак, не едзе? — звярнуўся ён да старэйшай дачкі. — Глядзі, і зусім не будзе, і я дарэмна падрыхтаваў яму такую сустрэчу. Магчыма, гэтая старая скаціна згубіла адрас? Іду ў заклад, што гэтая старая жывёла…

У гэтую хвіліну пачуўся лёгкі стук у дзверы. Стары шпарка кінуўся адчыняць і з глыбокімі паклонамі і пачцівай усмешкай праказаў:

— Заходзьце, судар. Калі ласка, заходзьце, мой паважаны дабрадзей, і вы, чароўная паненка.

Чалавек старых гадоў і маладзенькая дзяўчына паказаліся на парозе пакоя.

Марыус, як і раней, стаяў на сваім пасту. Тое, што ён адчуваў у гэтую хвіліну, нельга выказаць чалавечай моваю. Гэта была яна. Гэта была безумоўна яна. Ён адчуў гэта праз воблака, што заслала яму на імгненне вочы. Гэта была цудоўчая істота, якая так доўга адсутнічала; яго зара на працягу апошніх шасці месяцаў; гэтыя вочы, лоб, рот, —