Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/308

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Марыус быў нібы ў шаленстве. Яны ўжо прайшлі, а ён, як і раней, сачыў за імі вачыма, пакуль яны не схаваліся. Потым пачаў бегаць па садзе, як вар'ят. Праз хвіліну ён вышаў на вуліцу з надзеяй яшчэ раз спаткаць яе.

І ўсё гэта нарабіў адзін толькі позірк. Позірк — гэта іскра. Марыус кахаў. Лёс яго ўступаў у невядомае.

Прайшоў цэлы месяц, на працягу якога Марыус кожны дзень хадзіў у Люксембург. Калі наставала ўрочная гадзіна, нішто не магло ўтрымаць яго ў пакоі. Малады чалавек быў наверсе шчасця: яна глядзела на яго.

Стары, здавалася, заўважыў сёе-тое. Ён перамяніў лаўку ў садзе, каб паглядзець, ці прыдзе за імі Марыус. Марыус меў неасцярожнасць зрабіць гэта. Стары пачаў часам з'яўляцца адзін, без дачкі; тады Марыус рабіў яшчэ большы промах: ён адразу-ж выходзіў з саду. Юнак не звяртаў увагі на гэтыя дробязі. Аднойчы яму выпала на долю незвычайнае шчасце: на лаўцы, дзе за хвіліну да гэтага сядзеў пан Леблан з дачкою, ён знайшоў насавую хустачку, простую, без вышывак, але тонкую і белую, як снег. На адным крайку была метка „У. Ф“. І ён рашыў, што яе завуць Урсула. Ён цалаваў хустачку, прыціскаў яе да твару і ўночы засынаў, трымаючы яе ў руках.

Хустачка гэтая належала старому і выпадкова вывалілася з яго кішэні.

Нарэшце, Марыус зрабіў апошнюю, самую грубую памылку. Яму захацелася даведацца, дзе жыве „Урсула“, і вось ён аднойчы пайшоў услед за ёю, калі яна, у суправаджэнні свайго спадарожніка, вышла з саду. Яна жыла на Заходняй вуліцы, у самай бязлюднай яе частцы, у новым трохпавярховым доме скромнага выгляду. Ён праводзіў іх некалькі дзён запар. Нарэшце, яму захацелася даведацца, хто яна.

Аднойчы, правёўшы іх дадому, ён звярнуўся з пытаннем да дворніка:

— Ці гэты пан, што зараз пайшоў на двор, жыве на першым паверсе?

— Не, на трэцім, — адказваў дворнік.

— А як яго завуць?

Дворнік пільна зірнуў на яго і запытаў:

— Ці не шпіён вы часам?

Марыус збянтэжыўся, але пайшоў задаволены.

На другі дзень пан Леблан з дачкою прышлі ў сад вельмі не надоўга. Яны вышлі яшчэ завідна. Марыус, вядома, пайшоў за імі. Дайшоўшы да варот, пан Леблан спыніўся і пільна зірнуў на маладога чалавека. Праз дзень ні ён, ні дзяўчына зусім не прышлі ў сад. Марыус дарэмна