Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ЧАСТКА ПЕРШАЯ


МІРЫЕЛЬ

У 1815 годзе Шарль-Франсуа-Б‘енвеню Мірыель быў епіскапам[1] у Дыні. Гэта быў стары гадоў сямідзесяці пяці і ў епіскапскім сане знаходзіўся з 1806 года.

Хоць падрабязнасці, якія да яго адносяцца, і не датычаць асновы нашага апавядання, тым не менш не бескарысна будзе перадаць тут тыя чуткі, якія хадзілі пра епіскапа з прыездам яго ў епархію. Тое, што гаворыцца пра людзей, таксама важна, як і іх учынкі, незалежна ад таго, ці гэтыя чуткі праўдзівыя ці несапраўдныя.

Пан Мірыель быў сын саветніка судовай палаты ў горадзе Эксе і належаў, такім чынам, да судзейскай арыстакратыі. Расказвалі, што бацька, прызначаючы сыну тую самую кар‘еру, ажаніў яго бадай што на дзевятнаццатым або дваццатым годзе, паводле звычаяў таго часу. Не гледзячы на гэта, Шарль Мірыель у свой час нарабіў шмат шуму. Ён быў вельмі прыгожы з твару, хоць невялікага росту, элегантны, спрытны, дасціпны. Уся першая палова жыцця Мірыеля прысвечана была свету і поспеху сярод жанчын.

Але вось настала рэволюцыя, і сем‘і суддзяў, ганімыя і разбураемыя новымі парадкамі, рассыпаліся ў розныя бакі. Шарль Мірыель з самага пачатку падзей уцёк у Італію. Там памерла яго жонка ад сухотаў, на якія яна хварэла ўжо даўно. Дзяцей у іх не было.

  1. Епіскап—царкоўная пасада. Епіскап мае права „рукапалагаць“, г. зн. рабіць папамі і дыяканамі. Вобласць, на якую распаўсюджваецца ўлада епіскапа, называецца епархіяй.