Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/299

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

памёр забыты і адзінокі. У яго было адно толькі заблуджэнне: ён надта любіў двух няўдзячных — радзіму і мяне.

Гэта было больш, чым пан Жыльнарман мог чакаць калі-небудзь. Кожнае слова, сказанае Марыусам, дзейнічала на старога, як аплявуха. Твар яго зрабіўся барвяны.

— Марыўс! — ускрыкнуў ён. — Паганае дзіця! Я ведаць не жадаю, кім быў твой бацька, але ведаю, што ўсе падобныя да яго былі забойцы, зладзеі, жабракі, катаржнікі. Я нікога з іх не ведаю! Чуеш, Марыус? Ты такі-ж барон, як і мая пантофля! Усе, хто служылі Банапарту, былі здраднікі свайму законнаму каралю. Калі твой бацька быў адзін з іх, то тым горш для яго. Вось табе і ўсё.

У сваю чаргу Марыус успалыхнуў, як порах, а пан Жыльнарман быў мяхамі, якія раздувалі полымя. Марыус дрыжэў усім целам, галава яго палала, і ён не ведаў, што рабіць. Ён не мог перанесці ўсяго таго, што беспакарана вымаўлялася пры ім. Што рабіць? Немагчыма абразіць дзеда, але і аднолькава немагчыма не адпомсціць за бацьку. З аднаго боку — свяшчэнная магіла, з другога — глыбокая сівізна.

Некаторы момант ён стаяў, як п'яны. Усё круцілася перад яго вачыма. Нарэшце, ён пільна зірнуў на старога і ўскрыкнуў грамавым голасам:

— Далоў Бурбонаў і гэтую тлустую свінню Людовіка васемнаццатага!

Людовік XVIII памёр ужо чатыры гады таму назад, але для Марыуса гэта было ўсёроўна.

Стары з барвянага зрабіўся бледны, як мярцвяк. Ён ціха і бязгучна прайшоў два разы па пакоі і, падышоўшы да дачкі, якая з выразам сполаху глядзела на ўсю гэтую сцэну, сказаў ёй амаль са спакойвай усмешкай:

— Такі барон, як гэты пан, і такі буржуа, як я, не могуць аставацца пад адным дахам.

І, раптам выпрастаўшыся, бледны, дрыжачы, страшны, з гнеўна палаўшым тварам, працягнуў руку ў кірунку да Марыуса і закрычаў яму:

— Ідзі вон!

Марыус пакінуў дом дзеда. На другі дзень пан Жыльнарман сказаў сваёй дачцы:

— Кожныя поўгода вы будзеце пасылаць шэсцьдзесят пістолей[1] гэтаму крывапіўцу, і каб я не чуў яго імя.

Марыус, з свайго боку, вышаў з глыбокім абурэннем. Яшчэ адна акалічнасць узмацняла яго гнеў: служанка, паспешна выносячы па загаду старога ў пакой Марыуса, яго

  1. Пісітоль — іспанская залатая манета, роўная французскаму луідору.