Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/295

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

целем Банапарта і нарэшце заказаў сабе візітныя карткі з надпісам: „Барон Марыус Панмерсі“. Але паколькі яму не было каму іх пасылаць, то ён насіў іх заўсёды з сабой у кішэні.

Па меры таго, як Марыус усё больш і больш збліжаўся з тым, за што змагаўся ўсё сваё жыццё яго бацька, ён усё больш і больш аддаляўся ад дзеда. Мы ўжо ўпаміналі, што цынічная грубасць пана Жыльнармана была непрыемна Марыусу, а зараз падрабязнасці, якія сталі яму вядомы, аб адносінах яго да бацькі і зусім адштурхнулі яго. Але гэта ні ў чым не выяўлялася са знадворнага боку. Ён рабіўся толькі ўсё халаднейшы і халаднейшы. Ён амаль не гаварыў за сталом і амаль ніколі не бываў дома. Калі цётка лаяла яго, ён адгаварваўся пільнымі заняткамі. Дзед-жа нічога не гаварыў, перакананы ў справядлівасці сваёй ранейшай думкі.

Некалькі разоў Марыус нават выязджаў з Парыжа.

— І куды гэта ён ездзіць? — дапытвалася цётка.

У час гэтых адлучак, заўсёды вельмі нядоўгіх, ён пабываў у Манфермейлі згодна ўказанняў бацькі, адшукваючы ватэрлоаскага сержанта, шынкара Тэнард'е. Але Тэнард'е разарыўся, шынок быў закрыты, і ніхто не ведаў, куды падзеўся гаспадар. Для гэтых пошукаў Марыус выязджаў з дому на чатыры дні. На шыі пад кашуляй у яго вісеў якісьці медальён на чорнай істужцы, чаго раней не было.

Аднойчы ўвечары, калі цётка Жыльнарман сядзела ў сваім пакоі, дарэмна стараючыся дадумацца, куды-б гэта мог Марыус адлучацца так часта, да яе ў дзверы раптам пастукаліся. На запрашэнне ўвайсці дзверы адчыніліся, і на парозе паказаўся малады афіцэр — другі пляменнік дзяўчыны Жыльнарман. Пасля першых прывітанняў ён абвясціў, што адпраўляецца ў свой полк і зайшоў развітацца з цёткай. Потым раптам запытаў:

— Скажыце, калі ласка, мой стрыечны брат Марыус Панмерсі таксама адпраўляецца кудысьці?

— Адкуль ты ведаеш? — жвава запытала цётка.

— Калі я прышоў у кантору дыліжансаў запісацца на месца, то на лісце ўбачыў імя: Марыус Панмерсі. Ён узяў месца на імперыяле[1].

— Ах, які свавольнік! — ускрыкнула старая дзяўчына, — куды гэта ён адпраўляецца ноччу?

Тут ёй прышла ў галаву раптам якаясьці думка.

  1. Імперыял — верхняя танная пляцоўка з адкрытымі месцамі для пасажыраў на старых конках і амнібусах