Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Ён сам быў дужы і страшны. Ён узброіўся кіем, засланіўся, як шчытам, ранцам і сяк-так пачаў выпаўзаць з будкі, раздзіраючы пры гэтым яшчэ больш свае лахманы.

Таксама-ж абараняючыся, выбраўся ён і з саду.

Калі ён, нарэшце, зноў вышаў на вуліцу, адзінокі, без прытулку, выгнаны нават з сабачай будкі, ён хутчэй упаў, чым сеў, на камень і ўскрыкнуў:

— Я нават горш за сабаку!

Хутка ён зноў стаў і пайшоў наперад.

Ён вышаў з горада, спадзяючыся знайсці стог сена ці пуню, дзе можна было-б схавацца. Некалькі хвілін ён ішоў, нізка апусціўшы галаву. Калі ён адчуў сябе воддаль ад чалавечага жылля, ён узняў вочы і азірнуўся. Ён знаходзіўся ў полі. Перад ім узвышаўся невялікі ўзгорак, пакрыты іржышчам. Вакол было цёмна. Цёмныя хмары, якія плылі па небе, рабілі ноч яшчэ чарнейшай. Нідзе ніякай прыметы чалавечага жылля. Від быў пануры, безнадзейны, нібы варожы. Падарожнік, чалавек, далёка, як відаць, не чулы да ўсяго навакольнага, азірнуўся кругом, шпарка павярнуў назад і зноў увайшоў у горад.

Усе дзверы ў Дыні былі запёртыя. Было гадзін восем вечара.

Паколькі вуліцы былі яму незнаёмыя, то ён пайшоў наўгад. Ён трапіў на саборную плошчу і сеў на каменнай лаўцы ля нейкага дома.

У гэтую хвіліну з царквы вышла нейкая старая жанчына. Праходзячы міма, яна ўбачыла ляжачага ў цемры чалавека,

— Што вы тут робіце, мой дружа?—запытала яна.

— Бачыце, добрая жанчына, я кладуся спаць,—адказаў ён груба і гнеўна.

— На гэтай лаўцы?

— У мяне цэлых дзевятнаццаць год была драўляная пасцель,—адказаў ён,—а цяпер яна ў мяне каменная.

— Вы былі салдатам?

— Так, добрая жанчына, салдатам.

— Чаму-ж вы не пойдзеце ў гасцініцу?

— Таму што ў мяне няма грошай.

— Ай-я-яй,—адказала жанчына,—у мяне самой не больш як чатыры су ў кішэні.

— Усёроўна, давайце іх сюды!

Чалавек узяў грошы. Яна-ж казала далей:

— За гэтыя грошы вас у гасцініцу не пусцяць. Вы ўсё-такі паспрабавалі-б. Нельга-ж аставацца тут усю ноч. Вам, напэўна, і холадна і голадна. Вам маглі-б даць прытулак з жалю.