Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/282

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

„Напалеон памёр“, сказаў адзін прахожы інваліду, які ўдзельнічаў пры Марэнго і Ватэрлоа. „Ён вось памёр! — ускрыкнуў салдат: — Добра-ж вы ведаеце!“ Народнае ўяўленне багатварыла гэтага звергнутага героя. Агульны фон Еўропы „пасля Ватэрлоа“ зрабіўся пахмуры. Нейкая вялізная прорва ўтварылася са знікненнем Напалеона.

Каралі занялі сабой гэтую пустэчу. Старая Еўропа скарыстала яе для свайго пераўтварэння. Узнік Свяшчэнны саюз[1].

Перад тварам гэтай старой пераўтворанай Еўропы вызначыліся абрысы новай Францыі. Будучыня, асмяяная імператарам, уступіла ў свае правы. На чале яго красавалася зорка свабоды.

Маладое пакаленне накіравала на яго свой поўны захаплення позірк. Дзіўная рэч, у адзін і той-жа час захапіліся будучым — свабодай і мінулым — Напалеонам. Паражэнне ўзвялічыла паражонага. Напалеон у падзенні здаваўся вышэй за Напалеона ў славе. Перамогшыя адчулі страх. Гэтая здань прымушала трапятаць Стары Свет. Каралі царавалі з трывогай, бачачы на гарызонце скалу святой Елены.

У той час як Напалеон таміўся ў Лангвудзе, шэсцьдзесят тысяч чалавек, якія загінулі на полі Ватэрлоа, спакойна гнілі, і частка іх спакою распаўсюджвалася па сусвету. Венскі кангрэс стварыў з яго трактаты 1815 года[2], а Еўропа назвала гэта рэстаўрацыяй.

Вось што такое Ватэрлоа.

XV

УНОЧЫ ПАСЛЯ БІТВЫ

Вернемся, як гэтага патрабуе наша апавяданне, на ракавае поле бітвы.

Французскія вёскі былі спалены. Група хацін знікла ў полымі, пад выбухамі пушачных ядраў, і ўсе іх імёны асталіся ў гісторыі невядомымі, апрача імя Ватэрлоа.

  1. Свяшчэнны саюз — так называлася аб'яднанне манархаў Еўропы пасля звяржэння Напалеопа і рэстаўрацыі (аднаўлення) Бурбонскай дынастыі ў Францыі. Свяшчэнны саюз быў самай рэакцыйнай сілай ў Еўропе і меў непасрэдвай задачай падаўленне ўсякіх рэволюцыйных і вызваленчых рухаў. Ён узнік у 1815 г. Яго душою былі рускі цар Александр І і аўстрыйскі канцлер Метэрліх.
  2. Трактат 1815 г., або так званы Парыжскі мір, абавязаў Францыю ўвайсці ў граніцы 1790 г., заплаціць 700 мільёнаў франкаў кантрыбуцыі саюзнікам і на працягу трох год утрымліваць 150 тысяч саюзніцкіх войск У 17 французскіх крэпасцях.