Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/280

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

чыся няроўнасцю для доказу роўнасці, Людовік XVIII у Сент-Уэне падпісвае дэкларацыю чалавечых правоў. Калі вы хочаце разабрацца ў тым, што такое рэволюцыя, назавіце яе заўтрашнім днём. Гэтае „заўтра“ безупынна робіць сваю справу і пачынае яго з „сёння“. Дзіўным чынам яно дасягае заўсёды сваёй мэты. Так дзейнічае прагрэс. Для гэтага працаўніка ўсё служыць сродкам. Ён прыстасоўвае, не цырамонячыся, да сваёй работы і чалавека, перайшоўшага праз Альпы, і беднага хворага старога, які цягнецца, хістаючыся, да магілы. Ён карыстаецца падагрыкам і заваёўнікам: заваёўнікам для знадворнага, падагрыкам для ўнутранага прагрэса. Ватэрлоа, паклаўшы раптоўна канец разбурэнню мячом тронаў, не мела іншага дзеяння, апрача працягу рэволюцыйнай работы. Войны скончылі сваю справу, настала чарга мысліцеляў. Ватэрлоа хацела спыніць век, але той пераступіў цераз яго і пайшоў далей сваёй дарогай. Гэтая змрочная перамога была пераможана свабодай, і па сутнасці бясспрэчна, што пры Ватэрлоа панавала толькі адна контррэволюцыя: яна ўсміхалася ззаду ў Велінгтона, несла яму ўсе еўрапейскія маршальскія жэзлы, уключаючы, як кажуць, і жэзл Францыі, весела каціла земляныя тачкі, поўныя касцей, каб стварыць курган для ільва, урачыста напісала на п'едэстале чысло: „18 чэрвеня 1815 года“, падбухторвала Блюхера сячы шаблямі беглякоў, нахілялася з вышыні плато Мон-сен-Жан над Францыяй, як над здабычай, — усё гэта рабіла контррэволюцыя. Яна шаптала гэтае гнуснае слова „расчляненне“. Прыбыўшы ў Парыж, яна ўбачыла кратэр зблізу, адчула, што гэты попел пячэ ёй ногі, адумалася і зноў вярнулася да думкі аб хартыі.

Будзем правільна глядзець на Ватэрлоа. У ім няма зусім праднамеранай свабоды. Контррэволюцыя мімаволі была ліберальнай, таксама як Напалеон, дзякуючы аналагічным акалічнасцям быў міма сваёй волі рэволюцыянерам: 18 чэрвеня 1815 года Конны Робесп'ер[1] быў выбіты з сядла.

XIV

АДНАЎЛЕННЕ СВЯШЧЭННЫХ ПРАВОЎ

Канец дыктатуры. Рухнула цэлая сістэма Еўропы.

Імперыю ахутала цемра, якая была падобна да цемры паміраючага рымскага свету. Адбылося адраджэнне ў бяздонні, як у часы варвараў. Толькі ў варварства 1815 года,

  1. "Конным Робесп'ерам" празвала Напалеона французская эміграцыя.