Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/279

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

адразу пачуўся страшэнны залп карцечы, з'явіўся густы дым, злёгку пасрэбраны ўзыходзячым месяцам, і, калі ён рассеяўся, усё знікла. Гэтая грозная кучка людзей была знішчана, гвардыя загінула. Чатыры сцяны жывога рэдута ляжалі на зямлі, сярод трупаў ледзь можна было прыкмеціць уздрыгванне. Такім чынам загінулі французскія легіёны, яшчэ больш вялікія, чым рымскія. Яны загінулі на паверхні Мон-сен-Жана, змоклай ад дажджу і крыві, на пахмурых хлебных нівах, на месцы, дзе цяпер кожную раніцу, у чатыры гадзіны, весела пасвіствае і паганяючы свайго каня, праязджае Жазеф, які выконвае абавязкі нівельскага паштальёна.

XII

ШТО ТАКОЕ ВАТЭРЛОА?

Існуе вельмі шаноўная ліберальная школа, якая асуджае Ватэрлоа. Мы не належым да яе. Для нас Ватэрлоа — толькі нечаканае нараджэнне свабоды. Што з падобнага яйка вылупіцца такі арол, гэта вядома, было нечаканасцю.

Ватэрлоа ёсць прадначартаная загадзя супроцьрэволюцыйная перамога.

Гэта — Еўропа супроць Францыі, Пецербург, Берлін і Вена — супроць Парыжа, гэта — атака 14 ліпеня 1789 года праз 20 сакавіка 1815 года, гэта — трывога, узнятая манархіямі супроць безутрымнага паўстання французаў. Уціхамірыць, нарэшце, гэты вялікі народ, які знаходзіўся ў вулканічным стане на працягу дваццаці шасці год, такая была мара. Салідарнасць Браўншвейгаў, Насау, Раманавых, Гагенцолернаў, Габсбургаў з Бурбонамі[1].

Ватэрлоа цягне за сабой свяшчэннае права. Праўда-ж, што, паколькі імперыя была дэспатычнай, то каралеўская ўлада, на аснове натуральнай рэакцыі рэчаў, павінна была мімаволі быць ліберальнай, і канстытуцыйны парадак з'явіўся нежаданым вынікам Ватэрлоа, на вялікі жаль пераможцаў. Сапраўды, рэволюцыя не можа быць пераможана, яна пастаянна з'яўляецца зноў: да Ватэрлоа — у асобе Банапарта, які разбурыў старыя троны, пасля Ватэрлоа — у асобе Людовіка XVIII, які дараваў хартыю і падпарадкаваўся ёй. Банапарт узводзіць паштальёна на неапалітанскі прастол і сержанта на шведскі прастол[2], карыстаю-

  1. Браўншвейг, Насау, Раманавы, Гагенцолерны, Габсбургі, Бурбоны — прозвішчы сямей, якія сядзелі на еўрапейскіх прастолах у апісваемую эпоху.
  2. Паштальён на неапалітанскім прастоле і сержант на шведскім прастоле — маюцца на ўвазе Мюрат і Бернадот — каралі, пасаджаныя на прастол Напалеонам.