Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/278

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Бітву пры Ватэрлоа выйграў не разбіты Напалеон, не Велінгтон, які адступаў у чатыры гадзіны і прышоў у роспач у пяць гадзін, не Блюхер, які зусім не ўдзельнічаў у бітве. Чалавек, які выйграў бітву пры Ватэрлоа, — гэта Камброн.

Паразіць такім словам гром, які забівае вас, гэта азначае перамагчы.

Слова Камброна робіць уражанне ўдару, разбіўшага грудзі поўныя абурэння, — гэта збыткоўнасць агоніі, якая зрабіла выбух. Хто перамог? Велінгтон? Не. Без Блюхера ён загінуў-бы. Блюхер? Не. Калі-б Велінгтон не пачаў бітвы, Блюхер не мог-бы яе скончыць. Камброн — гэты герой апошняй гадзіны, гэты невядомы салдат, гэтая бясконца малая адзінка вайны — адчувае, што тут хаваецца мана, мана ў самым бедстве. Гэта было ўжа занадта. І вось у той момант, калі ён даходзіць ад гэтага да шаленства, яму прапануюць, нібы ў насмешку, жыццё! Як мог ён не абурыцца?

Вось яны, усе каралі Еўропы, шчаслівыя генералы, Юпітэры-громавержцы. У іх сто тысяч перамагаючага войска, а за гэтымі ста тысячамі яшчэ мільён; іх пушкі, з запаленымі кнатамі напагатове, разявілі свае пашчы; яны толькі што знішчылі імператарскую гвардыю і вялікую армію і зламілі Напалеона. Астаецца адзін Камброн, для выражэння пратэсту астаецца адзін гэты чарвяк. І ён будзе пратэставаць. Ён шукае трапнага слова, як шукаюць шпагу. У ім узнялася злосць, і гэтая злосць вылілася ў адным слове. Ён у роспачы выпростваецца перад гэтай своеасаблівай бітвай, перад гэтай бітвай безпераможцаў; ён вытрымлівае на сабе ўсю страшэннасць гэтай перамогі, але паказвае на яе нікчэмнасць, ён больш чым плюе на яе, і вось пад прыгнётам колькаснасці, сілы і матэрыі ён знаходзіць у душы выраз, падобны да выбуху. Паўтараем: сказаць, зрабіць, знайсці — гэта азначае зрабіцца пераможцам.

Дух вялікіх дзён увайшоў у гэтага невядомага чалавека: у гэтую злашчасную хвіліну Камброн знайшоў гэтае вялікае слова бітвы пры Ватэрлоа так-жа сама, як Ружэ дэ Ліль[1] знайшоў пад натхненнем „Марсельезу“. Парыў бажэственнай буры наляцеў і ахапіў гэтых людзей; яны здрыгануліся, і ў аднаго вылілася вялікая песня, у другога вырваўся жахлівы выраз.

У адказ на слова Камброна англійскі голас скамандаваў: „Плі!“ Батарэі грымнулі, узгорак задрыжэў, з усіх пушак

  1. Ружэ дэ Ліль (1760–1836) — сапёрны капітан. Склаў „Марсельезу“ — рэволюцыйны гімн буржуазнай французскай рэволюцыі.