Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/272

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ад Вер-Куку да Грэнендаля, на працягу больш двух міль у кірунку да Бруселя, па словах відавочцаў, якія жывы яшчэ і зараз, утварылася страшэннае скапленне беглякоў. Гэтая паніка была такая вялікая, што ахапіла прынца Кандэ ў Мехельне і Людовіка XVIII у Генце. У Велінгтона не было больш кавалерыі за выключэннем слабага рэзерва, пастроенага эшалонамі ззаду за паходным лазарэтам, збудаваным на ферме Мон-сен-Жан, і брыгад Вівіена і Вандэлера, якія знаходзіліся на левым крыле. Мноства пушак валялася збітымі з лафетаў. Жалезны герцаг аставаўся спакойны, але губы яго пабляднелі. Аўстрыйскі камісар Вінцэнт і іспанскі камісар Алава, якія знаходзіліся ў час бітвы пры англійскім штабе, думалі, што герцаг загінуў. У пяць гадзін Велінгтон выняў гадзіннік і прашаптаў гэтыя пахмурыя словы: „Блюхер ці ноч“.

У той-жа міг рад штыхоў бліснуў здалёк, на ўзвышшы з боку Фрышэлюна; тады ў гэтай іспалінскай драме адбылася перамена.

VIII

ДРЭННЫ ПРАВАДНІК У НАПАЛЕОНА І ДОБРЫ Ў БЮЛАВА

Вам вядома ракавая памылка Напалеона: ён чакаў Грушы, а замест яго з'явіўся Блюхер: смерць замест жыцця.

У лёса часта бываюць такія павароты: чакалі сусветнага трона, а ўбачылі святую Елену.

Калі-б маленькі пастух, які служыў правадніком Бюлаву, лейтэнанту Блюхера, параіў яму выйсці з лесу вышэй за Фрышмона, а не ніжэй Плансенуа, лёс ХІХ века быў-бы іншы. Напалеон выйграў-бы бітву пры Ватэрлоа. На ўсялякай іншай дарозе, апрача ішоўшай ніжэй за Плансенуа, прусакі наткнуліся-б на яр, недаступны для артылерыі, і Бюлаў не з'явіўся-б упару. Калі-б ён спазніўся на гадзіну, то, па запэўніванню прускага генерала Мюфлінга, Блюхер не застаў-бы больш Велінгтона: бітва была-б прайграна.

Як відаць, Блюхеру час быў з'явіцца. Зрэшты, ён усё-такі вельмі спазніўся. Ён стаяў на бівуаках у Дыён-ле Моне і адправіўся ў дарогу на зары. Але дарогі былі непраходныя, і яго дывізіі захраслі ў гразі. Колы пушак грузлі ў выбоінах па самыя ступіцы. Апрача таго, трэба было пераязджаць раку Дыльпо па вузкаму Ваурскаму масту; вуліца, што вяла да маста, была падпалена французамі; з прычыны таго, што муніцыённыя павозкі ці артылерый-