Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Ён бессвядома ішоў некалькі часу наперад па незнаёмых вуліцах, забыўшыся пра стомленасць, як гэта бывае ў вялікім горы. Раптам яму зноў вельмі захацелася есці. Надыходзіла ноч. Ён азірнуўся навакол, ці няма паблізу якога-небудзь прытулку.

Добрая гасцініца зачыніла перад ім свае дзверы. Ён шукаў чаго-небудзь паскрамней, якога-небудзь маленькага шынка ці ўбогай трушчобы.

Якраз у канцы вуліцы бліснуў агеньчык. На бледным змрочным небе вырысоўвалася яловая галінка, уваткнутая ў жалезную скобку. Ён накіраваўся туды.

То быў шынок. Падарожнік спыніўся на хвіліку і паглядзеў праз аконныя шыбы ў нізкі пакой, асветлены цмяна гарэўшай на стале лямпай і ярка палаўшым камінам. Некалькі чалавек сядзелі за сталом і пілі. Гаспадар грэўся ля агню. Над полымем вісеў на кручку жалезны кацялок, у якім штосьці варылася.

У гэтым шынку было двое дзвярэй: адны на вуліцу, другія на двор. Падарожны не адважыўся ўвайсці ў дзверы з вуліцы. Ён прабраўся на двор, яшчэ раз прыпыніўся і, нарэшце, баязліва крануў клямку і пастукаў у дзверы.

— Хто там?—запытаў гаспадар.

— Нехта, які жадае паесці і пераначаваць.

— Добра. Тут можна знайсці адно і другое.

Ён увайшоў. Усе, хто піў за сталом, павярнуліся да яго тварам. Святло лямпы і каміна асвятлялі яго з усіх бакоў. Некалькі часу ўсе ўважліва глядзелі на яго і на яго ранец.

— Вось агонь,—сказаў гаспадар.—Вячэра зараз будзе гатова. Ідзіце пагрэйцеся, таварыш!

Ён сеў ля ачага і выцягнуў перад агнём свае адубелыя ногі. Смачны пах стравы казытаў яго ноздры. Уся бачная з-пад насунутай на вочы шапкі частка твару яго набыла выгляд задавалення, змешанага з тым пакутным выразам, які надаецца чалавеку прывычкай мучыцца.

Гэта быў твар з цвёрдымі, энергічнымі сумнымі рысамі. Наогул твар быў дзіўны: у першую хвіліну ён здаваўся пакорлівы, а пры ўважлівым угляданні ён пачынаў здавацца суровым. Вочы бліскалі з-пад броваў, як агонь з-пад груды хворасту.

Між тым, адзін з сядзеўшых за сталом, гандляр рыбай, раней чым прыйсці ў шынок, заехаў да Лабара, каб пакінуць на пастаялым дварэ свайго каня. Раніцой ён спаткаў гэтага чалавека па дарозе ў горад. Параўнаўшыся з ім, падарожны, які ледзь не падаў ад стомленасці, папрасіў падвезці яго. Але рыбак нічога не адказаў, а, наадварот, паспяшаўся хутчэй ад‘ехаць далей. За поўгадзіны да гэтай