Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/265

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

VI

НЕЧАКАНАСЦЬ

Іх было тры тысячы пяцьсот чалавек. Фронт іх цягнуўся на чверць мілі. Гэта былі людзі-гіганты на іспалінскіх конях. Іх было дваццаць шэсць эскадронаў; ззаду ў іх знаходзілася ў выглядзе падмацавання дывізія Лефеўра Дэнуэта, сто шэсць адборных жандармаў, тысяча сто дзевяноста сем гвардзейскіх стралкоў, восемсот восемдзесят гвардзейскіх уланаў. У іх былі каскі без конскіх хвастоў, жалезныя латы, сядзельныя пісталеты ў кабурах і доўгія шаблі-шпагі. Раніцою ўся армія любавалася імі, калі ў дзевяць гадзін пад гукі ражкоў і аркестра музыкі, што іграла паходны марш, яны з'явіліся суцэльнай калонай з адной батарэяй на флангу, а з другой — у цэнтры, разгарнуліся фронтам у дзве лініі паміж Жэмапскім і Фрышмонскім шасе і занялі сваё месца на полі бітвы; яны складалі частку магутнай і гэтак мудра пабудаванай Напалеонам другой лініі, якая, дзякуючы кірасірам Келермана, што стаялі на левым яе канцы, а на правым — кірасірам Мільо, уладала, так сказаць, двума жалезнымі крыллямі.

Ад'ютант Бернар перадаў ім загад імператара.

Ней выняў шпагу і стаў на чале.

Вялізныя эскадроны рушыліся.

Тады перад вачыма з'явілася грознае відовішча.

Уся гэтая кавалерыя з аголенымі шаблямі і з лунаючымі сцягамі, пастроеная ў калоны па дывізіях, аднастайным рухам, як адзін чалавек, з правільнасцю бронзавага тарана, які прабівае брэш, спусцілася з узгорка Бель-Альянс, урэзалася ў страшную глыбіню, дзе загінула ўжо столькі людзей, і потым, выступіўшы з туману, яна з'явілася на другім баку даліны, такая-ж шчыльная і сціслая, і пачала ўзбірацца буйнай рыссю, сярод абсыпаўшай яе хмары карцечы, па страшнаму, пакрытаму граззю схілу плато Мон-сен-Жан.

Яны ўзбіраліся, велічныя, грозныя, непахісныя; у прамежках паміж стрэльбавых і пушачных залпаў чуўся іх іспалінскі тупат.

Складаючыся з двух дывізій, яны ўтварылі дзве калоны: правая — дывізія Ват'е, а левая — дывізія Дэлора.

Здалёк здавалася, што на грэбень плато паўзуць дзве вялізныя стальныя змяі. Нібы страшыдла, яны перасякалі ўсё поле бітвы.

Нічога падобнага не было відаць з часу ўзяцця цяжкой кавалерыяй вялікага маскоўскага рэдута. Тут нехапала Мю-