Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/264

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нібы тучы, перад Напалеонам, ледзь засмуцілі яго позірк і ні разу не парушылі яго царственнага спакою. Напалеон прывык глядзець вайне проста ў вочы; ён ніколі не цікавіўся падрабязнасцямі. Лічбы мала датычылі яго, абы яны давалі ў выніку перамогу. Ён, хто лічыў сябе панам і ўладаром выніку, ніколькі не турбаваўся, калі спачатку бітва адхілялася ад намечанага плана. Ён умеў чакаць, лічачы, што перамога за ім забяспечана.

Ён абыходзіўся з лёсам за панібрата і нібы гаварыў яму: „Ты не пасмееш!“

Між іншым, хто перанёс Берэзіну, Лейпцыг і Фонтэнебла, таму можна было-б сумнявацца ў Ватэрлоа.

У першы раз неба таямніча нахмурылася.

У тую хвіліну, калі Велінгтон рухаўся назад, Напалеон здрыгануўся. Раптоўна ён убачыў, што плато Мон-сен-Жан пусцее і фронт англійскай арміі знікае. Сцягваючыся, яна хавалася. Імператар прыпадняўся на страмёнах. Маланка перамогі бліснула ў яго вачах.

Знішчыць Велінгтона, загнаўшы яго ў Суанскі лес, гэта было-б поўным паражэннем Англіі.

Імператар, абдумваючы гэтую страшную развязку, у апошні раз агледзеў у падзорную трубку ўсе гэтыя пункты поля бітвы. Яго гвардыя, якая знаходзілася ззаду ў яго, трымала зброю на каравул і глядзела на яго знізу ўверх з нейкай асаблівай пачцівасцю. Ён меркаваў, даследваў схілы, адзначаў адкосы, разглядаў групы дрэў, палі жыта і сцежкі; здавалася, што ён лічыў кожны куст. Ён пільна разглядваў англійскія барыкады на абодвух шасе, пабудаваныя на месцы двух вялікіх лясных парубак. Адна з іх, што знаходзілася на Жэмапскім шасе вышэй за Ге-Сента, была ўзброена двумя пушкамі, адзінымі ва ўсёй англійскай артылерыі, страляўшымі ўглыбіню поля бітвы; другая барыкада знаходзілася на Нівельскім шасе. Там зіхацелі галандскія штыхі брыгады шасе. Напалеон заўважыў каля гэтай барыкады, на рагу папярочнай дарогі, якая ішла ў Брэн-л'Але старую капліцу святога Мікалая, пафарбаваную белай фарбай. Ён нахіліўся і сказаў штосьці на поўголаса правадніку Лакосту. Апошні, напэўна знарок, зрабіў адмоўны жэст галавою.

Імператар выпрастаўся і задумаўся. Велінгтон адступаў. Аставалася толькі завяршыць гэтае адступленне поўным паражэннем. Нечакана абярнуўшыся, Напалеон адправіў ва ўвесь дух нарачнага ў Парыж з паведамленнем, што бітва выйграна. Напалеон быў адзін з тых геніяў, якія мечуць громы. І вось яго самога чакаў удар. Ён аддаў загад кірасірам Мільо узяць плато Мон-сен-Жан.