Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/254

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўяўленні, выклікаючы радасныя крыкі ў адных і строгае ганьбаванне ў другіх.

Усім добра вядомы першы фазіс гэтай бітвы: смутны, няясны, хісткі пачатак, грозны для абодвух армій, але для англічан у большай ступені, чым для французаў.

Усю ноч ішоў дождж. Зямля была парытая. Вада збіралася сям-там у паглыбленнях раўніны, як у басейнах; у некаторых месцах вада даходзіла да восяў абозных павозак. Запрэжка коней была прасычана вадкай граззю; калі б жыта, пацёртае гэтай масай праехаўшых павозак, не запоўніла ў палях усіх выбоін і не стварыла-б подсцілкі для колаў, то ўсялякі рух, асабліва ў далінах з боку Папелота, быў-бы немагчымы.

Бітва пачалася позна. Напалеон, як мы ўжо гаварылі, меў звычай трымаць усю артылерыю ў руках, як пісталет, прыцэльваючыся то ў адзін, то ў другі пункт бітвы; і цяпер яму хацелася дачакацца, пакуль конныя батарэі змогуць вольна рухацца; для гэтага трэба было, каб узышло сонца і абсушыла глебу. Але сонца не паказвалася. Гэта было ўжо не тое, што пры Аўстэрліцы. Калі раздаўся першы пушачны стрэл, англійскі генерал Кольвіль паглядзеў на гадзіннік і заўважыў, што было 35 мінут дванаццатай. Бітва была пачата з большай ярасцю, чым гэтага жадаў сам імператар, левым французскім флангам, які атакаваў Гугамон. У той-жа час Напалеон напаў на цэнтр, накіраваўшы брыгаду Кю на Ге-Сент, а Ней[1] накіраваў правае французскае крыло на левае французскае, якое знаходзілася ля Папелота.

Атака на Гугамон была ў некаторым родзе ваеннай хітрасцю; заманіць туды Велінгтона і прымусіць яго адсунуцца ўлева — вось які быў план. Ён і ўдаўся-б, калі-б чатыры роты англійскіх гвардзейцаў і смелыя бельгійцы дывізіі Перланшэ не абаранялі сваёй пазіцыі так упарта, што Велінгтон, замест таго, каб сцягнуць туды ўсе свае сілы, мог абмежавацца адпраўкай туды ў якасці падмацавання чатырох другіх гвардзейскіх рот і Браўншвейгскага батальёна.

Ярасная атака правага французскага крыла на Гугамон мела на мэце разбіць левае англійскае крыло, адрэзаць шлях адступлення на Брусель, загарадзіць праход прусакам, узяць Мон-сен-Жан, адцясніць Велінгтона да Гугамона, адтуль да Брэн-л'Але, адтуль да Галя. Нічога не магло быць прасцей гэтага. За выключэннем некаторых дробязей гэтая атака ўдалася: Папелот і Ге-Сент былі ўзяты.

  1. Ней-Міхаіл, князь Маскоўскі, (1769-1815) — напалеонаўскі маршал, сын каваля. За ўдзел у падтрыманні Напалеона, уцёкшага з Эльбы, быў расстрэляны ўрадам Людовіка ХVII.