Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/253

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

палачак і перакладзіны, прадстаўляе сабой плато Мон-сен-Жан. Барацьба з-за гэтага плато і складала галоўны інтарэс усёй бітвы.

Флангі абодвух армій прасціраліся направа і налева ад Жэмапскай і Нівельскай дарог. Д'Эрлон стаяў супроць Піктона, а Рэйль — супроць Гіля.

За вяршыняй літары А, ззаду за плато Мон-сен-Жан, знаходзіцца Суаньскі лес.

Што-ж датычыць самой даліны, то ўявіце сабе вялізную хвалістую плоскасць; кожная асобная хваля перавышае наступную; такім чынам яны паступова ўзвышаюцца ў кірунку да Мон-сен-Жана і заканчваюцца ля лесу.

Два непрыяцельскія войскі на полі бітвы — гэта два барацьбіты. Яны схватваюцца адзін з адным. Адзін стараецца паваліць другога, прычым яны чапляюцца за ўсё: кожны куст служыць пунктам апоры, рог сцяны — падтрымкай; з-за адсутнасці якога-небудзь доміка, які мог-бы служыць прыкрыццём, цэлы полк павінен адступаць; кожнае паглыбленне ў раўніне, кожная няроўнасць глебы, нават папярочная сцежка, кожны лес і яр могуць спыніць гіганта, які называецца арміяй, і перашкодзіць яго адступленню. Хто зышоў з поля бітвы, той пераможан, Адсюль для адказнага правадыра вынікае неабходнасць разгледзець кожную групу дрэў, даследваць самае малое ўзвышша.

Абодва генералы ўважліва вывучылі раўніну Мон-сен-Жан, якая называецца цяпер раўнінай Ватэрлоа.

Яшчэ ў мінулым годзе Велінгтон з дзіўнай празорлівасцю заняўся яе даследваннем, на выпадак вялікай бітвы. 18 чэрвеня на гэтай прасторы і ў гэтым паядынку перавага была на баку Велінгтона. Англійская армія знаходзілася наверсе, а французская — унізе.

Зусім залішне рысаваць тут аблічча Напалеона на кані, з падзорнай трубой у руках, на ўзвышшы Расом на зары 18 чэрвеня 1815 года — да таго-ж ён кожнаму знаёмы. Спакойны профіль пад маленькім капелюшом Брыенскай школы, зялёны мундзір, белыя абшлагі, якія закрываюць ордэнскі знак, сурдут, які закрывае эпалеты, ражок чырвонай стужкі, што відаць з-пад камізэлькі, скураныя штаны, белы конь у чырвоным аксамітавым чапраку, аздобленым па вуглах арлом і літарай Н з каронай, батфорты на шаўковых панчохах, срэбныя шпоры, шпага Марэнго[1] — уся гэтая постаць апошняга з цэзараў яшчэ стаіць ва ўсіх ва

  1. Марэнго — вёска ў паўночнай Італіі, у пяці кілометрах ад горада Александрыі. У чэрвені 1800 г. войскі Банапарта атрымалі там вялікую пнрамогу над Аўстрыяй.