Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/252

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

асляпленні вёў у прорву свае бурныя легіёны? Няўжо ў сорак шэсць год ім авалодвала поўнае вар'яцтва? Мы гэтага не думаем.

Яго план бітвы, на агульную думку, прадстаўляў сабою цуда ваеннага майстэрства. Ісці проста на цэнтр лініі саюзных войск і прарваць яе, разрэзаць непрыяцельскія войскі напалам, адціснуць брытанцаў да Галя, а прусакоў — да Тангрэса, раз'яднаць Велінгтона і Блюхера, аўладаць Монсен-Жанам, захапіць Брусель, адкінуць немцаў да Рэйна, а англічан да мора, — усё гэта для Напалеона сканцэнтравалася ў адной бітве. „А там відаць будзе“, — думаў ён. Само па сабе зразумела, што мы не збіраемся даваць тут гісторыі Ватэрлоа, хоць адна з галоўных сцэн драмы, якую мы расказваем, і звязана з гэтай бітвай; гэтая гісторыя не ўваходзіць у план нашага апавядання, тым больш, што яна ўжо напісана, і напісана ўмела, з аднаго пункта погляду Налалеонам, а з другога — цэлай плеядай гісторыкаў (Вальтэр Скот, Ламарцін, Валабель, Шарас, Кіне, Т'ер). Што-ж датычыць нас, то мы прадастаўляем гісторыкам спрачацца паміж сабой; мы з'яўляемся пабочным глядачом, праходзячым па даліне шукальнікам, які нагінаецца да гэтай зямлі, пакрытай чалавечымі трупамі і які, мабыць, прымае уяўнае за сапраўднасць; мы не маем права ў імя навукі не лічыцца са збегам фактаў, у якіх, безумоўна, ёсць нешта цудоўнае; у нас няма ні ваеннай практыкі, ні стратэгічнай вопытнасці, каб трымацца якой-небудзь сістэмы; на нашу думку пры Ватэрлоа абодвума палкаводцамі кіраваў цэлы рад выпадковасцей, а калі справа будзе датычыць лёсу — гэтага загадкавага абвінавачваемага, то мы разважаем, як народ — гэты наіўны суддзя.

Таму, хто хоча ясна ўявіць сабе бітву пры Ватэрлоа, варта толькі ў думках ўявіць на зямлі вялізную літару А. Левая палачка літары А — дарога ў Нівель, правая — дарога ў Жэмап; папярочная рыса — пракапаная дарога з Оэна ў Брэн-л'Але. Вяршыня літары — Мавсенжан, там знаходзіўся Велінгтон; левая ніжняя канечнасць — Гугамон, там былі Рэйль і Жэром Банапарт[1]; правая ніжняя канечнасць — Бель-Альянс, тут стаяў Напалеон. Крыху ніжэй таго пункта, дзе папярочная рыса перасякае правую палачку літары А, знаходзіцца Ге-Сент. У сярэдзіне папярочнай рысы знаходзіцца пункт, дзе канчаткова вызначыўся вынік бітвы. На гэтым вось месцы і паставілі ільва — верны сімвал высокага гераізма імператарскай гвардыі.

Трохкутнік, заключаны ў вяршыне літары, паміж двух

  1. Жэром Банапарт — малодшы брат Напалеона I, кароль Вестфальскі.