Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/251

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

быць упару. Чаму? Таму што зямля была вільготная, і трэба было пачакаць, пакуль яна крыху абсохне, для таго каб даць артылерыі магчымасць рухацца.

Напалеон быў артылерыйскім афіцэрам, і гэта ўсюды давала сябе адчуваць. Усе яго планы бітваў былі складзены пераважна для артылерыі. Сцягнуць артылерыю да вызначанага пункта — вось што было для яго ключом перамогі. Ён глядзеў на стратэгію непрыяцельскага палкаводца як на цытадэль[1] і прабіваў у ёй брэш. Ён абсыпаў слабы пункт карцеччу, завязваў і заканчваў бітву пушкай. Артылерыйская стральба была яго страсцю. Разбіваць карэ[2], знішчаць палкі, прарываць рады, руйнаваць і рассейваць масы — усё для яго заключалася ў тым, каб паражаць, паражаць і паражаць бясконца, — і ўсё гэта ён даручыў ядру: жахлівая сістэма, якая ў спалучэнні з геніем на працягу пятнаццаці год рабіла непераможным гэтага хмурнага атлёта вайны.

18 чэрвеня 1815 года ён тым больш разлічваў на артылерыю, што на яго баку была колькасная перавага: у Велінгтона[3] было толькі сто пяцьдзесят дзевяць гармат, у Напалеона-ж — дзвесце сорак.

Уявіце, што зямля была-б сухая і артылерыя магла-б рухацца; тады бітва пачалася-б у шэсць гадзін раніцы і была-б скончана і выйграна за дзве гадзіны, гэта значыць за тры гадзіны да прыбыцця прусакоў. Наколькі вінаваты Напалеон у тым, што прайграў гэтую бітву? Ці можна наогул абвінавачваць у караблекрушэнні кормчага?

Няўжо відочны фізічны ўпадак Напалеона ўскладніўся ў гэтую эпоху некаторым унутраным аслабленнем? Няўжо дваццаць год вайны папсавалі лязо і ножны, стамілі душу і цела? Няўжо ў палкаводцы пачаў пагібельным чынам выяўляцца ветэран? Адным словам, няўжо-ж тады ўжо, як думалі многія выдатныя гісторыкі, пачаў гаснуць яго геній? Няўжо ён аддаўся шаленству, каб схаваць ад самога сябе сваё бяссілле? Няўжо ён пачаў хістацца пры першай няўдачы? Няўжо ён перастаў усведамляць небяспеку, што так важна для генерала? Няўжо Напалеон страціў вернае чуццё перамогі? Няўжо ён страціў здольнасць заўважаць падводныя камяні, угадваць пасткі і адрозніваць край бяздоння, які вось-вось абваліцца? Няўжо яму здрадзіла прадчуванне паражэння? Няўжо гэты чалавек, які ведаў раней усе шляхі да славы і з вышыні сваёй маланкападобнай калясніцы паказваў на іх уласнаю рукой, цяпер у злавесным

  1. Цытадэль — крэпасць, умацаваны пункт.
  2. Карэ — літаральна чатырохвугольнік, асобае вайсковае пастраенне ў баю.
  3. Велінгтон — галоўнакамандуючы англійскай арміяй.