Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

— У мяне нічога няма,—паўтарыў гаспадар. Прахожы рассмяяўся і, павярнуўшыся да пліты, ускрыкнуў:

— Як нічога, а гэта?

— Усё гэта загадзя разабрана.

— Кім?

— Панамі рамізнікамі.

— А іх колькі?

— Іх дванаццаць чалавек.

— А тут хопіць не менш як на дваццаць.

— Яны ўсё гэта заказалі для сябе і за ўсё ўжо заплацілі наперад.

Чалавек зноў сеў на сваё месца і сказаў не ўзмацняючы голасу:

— Я ў шынку, я хачу есці і астаюся.

Тады гаспадар нахіліўся да яго і прашаптаў голасам, ад якога госць уздрыгануўся:

— Ідзіце вон!

Падарожны хутка абярнуўся, жадаючы адказаць. Шынкар уважліва глядзеў на яго і напоўголаса казаў далей:

— Даволі балбатаць. Ці хочаце, каб я сказаў вам ваша імя? Вас завуць Жан Вальжан. Цяпер хочаце, каб я сказаў вам, хто вы такі? Калі вы ўвайшлі, я адразу-ж западазрыў, што справа нячыстая, і паслаў за даведкамі ў мэрыю[1]. Вось што мне адказалі. Умееце вы чытаць?

І з гэтымі словамі ён падаў прыхожаму атрыманы аркуш паперы. Чалавек зірнуў. Шынкар казаў далей пасля нядоўгага маўчання.

— Я прывык абыходзіцца з усімі ветліва. Ідзіце вон!

Чалавек апусціў галаву, падняў з падлогі свой мяшок і вышаў.

Ён пайшоў па вуліцы, рухаючыся наперад наўдачу, натыкаючыся на сцены дамоў, як чалавек зняважаны і прыгнечаны горам. Ён ні разу не азірнуўся. Калі-б ён гэта зрабіў, то ўбачыў-бы на парозе шынка гаспадара, акружанага сваімі гасцямі. Жак Лабар з запалам штосьці расказваў і паказваў на яго пальцамі. Ён-бы здагадаўся, што яго прыбыццё ў горад хутка зробіцца вядомым усім і кожнаму.

Але ён нічога гэтага не бачыў. Людзі, прыгнечаныя чым-небудзь, ніколі не азіраюцца назад. Яны надта добра ведаюць, што злы лёс гоніцца за імі па пятах.

  1. Мэрыя — адміністрацыйны раён, якім кіруе мэр. Мэр літаральна азначае старшыня. Гэта званне асобы, якая стаіць на чале гарадскога кіраўніцтва ў Францыі і ў Англіі. У Францыі мэр быў выбарным прадстаўніком абшчыны, які знаходзіўся пад кантролем прафекта паліцыі. У гарадах, дзе больш за 40 тысяч насельніцтва, апрача звычайных абавязкаў, мэр загадвае паліцыяй.