Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/245

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цяжка было ісці. Часткі яго цела адрантвелі ў цеснай труне. Нібы магільны холад смерці ахапіў яго між гэтых чатырох дошак. Ён павінен быў адтаць.

Праз векалькі хвілін, аднак, ён акрыяў. Падышоўшы да варот, Фашлеван апусціў у скрынку прапускны білет. Вартаўнік выпусціў іх з форткі. Яны прайшлі да заставы і ўзышлі на пустынную вуліцу Важырар.

— Пакажыце мне, калі ласка, пан Мадлен, дом нумар восемдзесят сем, — сказаў Фашлеван.

— Вось ён якраз, — сказаў Жан Вальжан.

— Дайце мне рыдлёўку і пачакайце мяне крыху, — сказаў садоўнік. Ён падняўся на чардак і пастукаўся.

— Заходзьце, — адказвалі знутры.

Фашлеван апынуўся ў кватэры магільшчыка Грыб'е, які, як звар'яцелы, кідаўся па пакою, перавярнуўшы ўсё дагары нагамі, дарэмна шукаючы згублены білет.

Фашлеван паспяшаўся сказаць:

— Я прынёс вам лапату і рыдлёўку.

— Як-жа вы вышлі? — запытаў Грыб'е са здзіўленнем.

— А вельмі проста. Білет выпаў у вас з кішэні, і, як толькі вы пайшлі, я знайшоў яго на зямлі. Я без вас пахаваў нябожчыка, а білет вы свой вазьміце заўтра ў вартаўніка, так што і штрафу плаціць не трэба. Вось вам і ўсё.

— Дзякуй вам! — ускрыкнуў Грыб'е. — У наступны раз абавязкова вып'ем.

Праз гадзіну сярод настаўшай цемры два чалавекі з дзіцём падыходзілі да манастырскіх варот. Адзін з іх пастукаўся. Гэта былі Фашлеван, Жан Вальжан і Казета.

Абодва старыя зайшлі па Казету да прыяцелькі Фашлевана. Казета цэлыя суткі пражыла ў безупыннай трывозе, нічога не разумеючы ў тым, што робіцца вакол яе. Але яна не плакала. Яна нічога не ела і не магла заплюшчыць вачэй. Дарэмна старая распытвала яе: яна адказвала толькі панурымі позіркамі і не гаварыла ні слова. Яна адчувала, што перажывае крытыччую хвіліну ў жыцці і што таму трэба „быць разумнай“. Страх нямы. Зрэшты, ніхто не можа так захаваць таямніцу, як дзіця.

Толькі калі яна пасля гэтых цяжкіх дваццаці чатырох гадзін убачыла, нарэшце, Жана Вальжана, яна так закрычала ад радасці, нібы вырвалася з прадоння.

Фашлеван ведаў пароль, які даваў вольны ўваход у манастыр. Іх прапусцілі.

Такім чынам вырашана была цяжкая задача, як выйсці і потым увайсці.

Іх прапусцілі праз маленькую бакавую фортку і яны