Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/242

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

білет, без якога нікога не выпускалі з могілак; калі білета не аказвалася, то вінаваты плаціў штраф у пятнаццаць франкаў.

Фашлеван непрыкметна засунуў руку ў адкрытую кішэню Грыб'е і асцярожна выцягнуў у яго білет. У тую хвіліну, калі магільшчык збіраўся кінуць яшчэ адну лапату зямлі ў яму, Фашлеван сказаў яму з вялікім спакоем.

— А, дарэчы, таварыш, ці ёсць у вас прапускны білет? Хутка-ж ужо сонца зойдзе, і вароты зараз замкнуць.

— Так, вось ён, — адказваў Грыб'е і палез у кішэню. Але, на вялікае яго здзіўленне, білета ў гэтай кішэні не знайшлося. Ён з трывогай пачаў капацца ў другой кішэні, у трэцяй — няма нідзе.

— Няма ў мяне білета, — сказаў ён, нарэшце. — Я яго забыў.

— Значыць, пятнаццаць франкаў штрафу.

Магільшчык увесь пазелянеў.

— Божачка, што-ж мне рабіць? — ускрыкнуў ён і нават упусціў сваю рыдлёўку.

Цяпер настала чарга Фашлевана дзейнічаць.

— Вось што, даражэнькі, — сказаў ён. — Паслухайце маёй парады. Сонца заходзіць, і праз пяць хвілін вароты могілак будуць замкнуты. За гэты час вы не справіцеся закапаць магілу, а выйсці з могілак справіцеся. Дзе вы жывеце?

— За два крокі адсюль, на вуліцы Важырар, нумар восемдзесят сем.

— Дык бяжыце дадому, знайдзіце білет і звяртайцеся канчаць сваю справу. Я вас тут пачакаю і папільную нябожчыка, каб ён не ўцёк.

— Вы выратавалі мне жыццё, таварыш, — адказваў Грыб'е. — Дзякуй!

І ён кінуўся бягом з могілак. Калі ён схаваўся за паваротам сцежкі і крокі яго заціхлі, Фашлеван нахіліўся да ямы і праказаў напоўголаса:

— Бацька Мадлен!

Адказу не было. Фашлеван здрыгануўся. Ён хутчэй скаціўся, чым спусціўся ў яму.

— Ці тут вы, — бацька Мадлен?

Тое-ж маўчанне. Фашлеван, увесь дрыжучы, пачаў адкрываць века труны. З-пад яго паказаўся ў поўзмроку бледны твар Жана Вальжана з заплюшчанымі вачыма.

Валасы на галаве Фашлевана ўсталі дыбам. Ён ледзь не паваліўся ад жаху.

Жан Вальжан ляжаў змярцвелы і нерухомы.

— Ён памёр, — прашаптаў садоўнік здушаным голасам.