Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/241

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Аўстэрліцкі мост. Катафалк спыніўся ў першы раз, значыць, даехалі да варот могілак.

Другая астаноўка, значыць, ля ямы.

Раптам ён адчуў, што труну паднялі на рукі. Потым пачулася глухое трэнне аб дошкі. Ён зразумеў, што абвязваюць вяроўкі, каб спусціць труну ў магілу. Потым з ім зрабілася галавакружэнне. Напэўна, труну нахілілі галавой уніз. Ён апамятаўся, калі адчуў, што ляжыць нерухома і гарызантальна. Труна кранулася дна.

Яго ахапіў холад.

Над ім пачуўся ўрачысты і спакойны голас. Гэта поп цягнуў апошнія словы надмагільнага адпявання. Потым аб века застукалі нібы кроплі дажджу — напэўна, гроб пырскалі святой вадой. Ён падумаў: „Цяпер усё. Яшчэ крыху цярпення. Поп пойдзе. Фашлеван павядзе Мест'ена піць, потым вернецца, і я вольны“.

Усё сціхла. Жан Вальжан не чуў над сабой больш ні гуку. Раптам над галавой у яго раздаўся нібы ўдар грома. Гэта жменя зямлі ўпала на труну. Потым другая. Адна з дзірак, праз якую дыхаў Жан Вальжан, закупорылася. Тряцяя лапата зямлі ўдарылася аб дошкі. Потым чацвертая.

Ёсць рэчы больш моцныя, чым самы моцны чалавек. Жан Вальжан страціў прытомнасць.

ХLVIII

У НАДЗЕЙНЫМ ПРЫТУЛКУ

Вось што, між тым, адбывалася над труною Жана Вальжана.

Калі поп пайшоў і ўслед за ім сціхлі крокі факельшчыкаў, Фашлеван, які сачыў за кожным рухам магільшчыка, убачыў, што той узяўся за рыдлёўку, каб закапаць нябожчыка.

Тады ён зноў з усіх сіл пачаў угаварваць Грыб'е пайсці сцачатку ў шынок, падмацавацца, як ён казаў, а потым ужо канчаць работу. Грыб'е, нарэшце, згадзіўся і сказаў:

— Усё-такі я перш скончу справу, а потым і вып'ем, калі ўжо вам так хочацца.

— І ён пачаў ссыпаць у магілу зямлю. Фашлевана кожны камяк зямлі прыводзіў у такое шаленства, што, здавалася, ён сам гатовы быў кінуцца на дно ямы.

У гэты час позірк Фашлевана ўпаў на раскрытую шырокую кішэню магільшчыка. Адтуль тырчэў прапускны